Трэнер гандбольнага клубу СКА распавёў, як гульцы правядуць рэшту лета


Гульцы менскага ганбольнага клубу СКА. Фота – ska-minsk.by

Гульцы каманды ўжо прайшлі медычны агляд і цяпер займаюцца ў рэжыме двухразовых трэнаванняў на дзень. Хуткасна-сілавая нагрузка для спартоўцаў адбываецца беспасярэдне на свежым паветры, а кіруе ёю настаўнік па фізічнай падрыхтоўцы, у мінулым вядомы наш біятланіст Вадзім Сашурын. Пакуль у галоўнага трэнера армейцаў Ігара Папругі з’явілася некалькі вольных хвілінаў, мы папрасілі коўча пракаментаваць што адбываецца з камандай у Раўбічах, распавесці пра навічкоў клубу.

«Першы збор, як звычайна, праходзіць з задорам, гандбалісты месяц не бачылі адзін аднаго. З’явіліся ў калектыве нашыя новыя старыя гульцы: быў калісьці ў нас Шыловіч, калі каманда перамагала ў Кубку выкліку, прыйшоў Дзяніс Рутэнка, гэта ўзроставыя гульцы, яны ствараюць імпульс, на іх раўняецца моладзь, што спрыяе добрай працоўнай атмасферы ў калектыве», – кажа Ігар Папруга.

Цяпер у распараджэнні Ігара Папругі прыблізна трыццаць гандбалістаў. Акрамя заняткаў на дварэ, у планах безумоўна значыцца і спартовая зала, дзе гульцы беспасярэдне праводзяць размінку, нагульваюць новыя і адточваюць старыя камбінацыі. У перапынку паміж трэнінгавымі заняткамі атрымалі дазвол ад галоўнага настаўніка і паразмаўлялі з разыграўцам сталічнага клубу Дзмітрыем Нікуленкавым. Вядома, што Дзмітрый не так даўно абараняў колеры непрымірымага суперніка СКА – Берасцейскага гандбольнага клубу імя Мяшкова, аднак ужо мінулы сезон даволі ўпэўнена адчуваў сябе ў форме армейскай каманды. Вось як разыграўца адказаў на пытанне пра змену калектыву ім асабіста, а таксама Шыловічам і Дзянісам Рутэнкам, і запэўніў, што армейцам хопіць даўжыні лавы запасных, каб на роўных супрацьстаяць мяшкоўцам:

«Прыходзіць час, калі кожны ўжо сумуе па мячы, па зносінах у камандзе, я думаю, што цяпер менавіта такі час. Усе на пазітыве, усе разумеюць, што нас чакае складаная і цяжкая работа, але яна нам патрэбная: каб у выніку дабіцца тых мэтаў, якія мы перад сабою паставілі».

Гульцы ГК СКА святкуюць перамогу над БГК імя Мяшкова ў фінальным матчы Кубку Беларусі. Фота – ska-minsk.by

Праграма падрыхтоўкі каманды ўжо звярстаная, пры гэтым яна паўтарае ўжо не адзін год прыкладна адзін і той жа цыкл. Пасля збору ў Раўбічах калектыў адправіўся ў Славенію, дзе плануе правесці тры спарынгі, з клубамі «Ґарэне» і «Марыбор», а таксама са зборнаю Саудаўскай Аравіі. Далей армейцы перабазуюцца ў чэшскі горад Новэ Мнеста, дзе згуляюць у міжнародным турніры, а заключным этапам рыхтавання стане Кубак Дняпра, дзе разам са СКА там за трафей паспрачаюцца ўкраінскі «Матор», польская «Вісла» і дацкі «Гудмэ». Новы сезон каманда распачне ў апошні дзень лета, калі правядзе хатнюю сустрэчу з магілёўскім «Машэкам» у межах чэмпіянату Беларусі.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат»

Стужка навінаў