Трамп прапанаваў абмежаваць уезд у ЗША грамадзянам сямі краін. Беларусь у спісе


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп плануе ўвесці іміграцыйныя абмежаванні ў дачыненні да грамадзянаў сямі краін, піша Politico са спасылкай на ўласныя крыніцы.

У спіс краін-кандыдатаў увайшлі Беларусь, Кіргізія, Эрытрэя, М’янма, Нігерыя, Судан і Танзанія. Пералік яшчэ можа быць пашыраны, удакладняе The Wall Street Journal.

Гаворка не ідзе аб поўнай забароне на ўезд у ЗША для ўсіх грамадзянаў гэтых краін. Уезд могуць абмежаваць толькі чыноўнікам ці ўладальнікам пэўных катэгорый віз. Таксама ім могуць забараніць удзел у латарэі грын-карт.

Раней Трамп наагул прапаноўваў латарэю скасаваць.

У кулуарах Сусветнага эканамічнага форуму ў швейцарскім горадзе Давос Доналд Трамп заявіў, што сапраўды плануе пашырыць спіс краінаў з абмежаваннямі на паездкі. Прэзідэнт ЗША не паведаміў, якія менавіта краіны будуць дададзеныя ў гэты «чорны спіс».

Забароны могуць увесці ўжо 27 студзеня.

25 студзеня 2017 года Трамп падпісаў указ аб забароне ўезду ў ЗША грамадзянам некалькіх краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам (Іран, Сірыя, Емен, Лівія і інш.). Першапачаткова выкананне ўказа заблакавалі суды, але потым Вярхоўны суд ЗША зацвердзіў рашэнне амерыканскага прэзідэнта.

У МЗС Беларусі адмовіліся каментаваць разгорнута інфармацыю пра магчымыя абмежаванні, паведамляе TUT.by. У знешнепалітычным ведамстве заявілі, што адпаведнага паведамлення яны не атрымлівалі.

***

Упершыню санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў былі ўведзены ЗША пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе. Летась санкцыі были падоўжаныя да 16 чэрвеня 2020 года. У санкцыйным спісе 10 асобаў, у тым ліку Аляксандр і Віктар Лукашэнкі, Лідзія Ярмошына, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка ды іншыя былыя і цяперашнія чыноўнікі.

КА,ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў