Трамп абрынуў расейскі рубель. Эксперт: долар будзе даражэць і ў Беларусі


Трамп. Фота – REUTERS/Leah Millis

Звесткі пра новыя мыты і санкцыі з боку Вашынгтону ўдарылі па расейскім рублі, а праз яго спрычыніліся і да рэзкіх зменаў на валютным рынку Беларусі.

Усё пачалося з таго, што 1 жніўня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў у «Тўітэры» пра рашэнне ўвесці з 1 верасня дадатковыя мыты на кітайскія тавары, бо гандлёвыя перамовы з Кітаем праваліліся. Новая мера накладзе на тавары з КНР на агульную суму $ 300 млрд дадатковае імпартнае мыта ў 10 %.

На фоне гэтай навіны каціроўкі нафты пачалі імклівае паніжэнне. Кошты марак WTI і «Brent» упалі на 6-7 %. Абвал стаў рэкордным за апошнія чатыры гады, хоць пасля гэтага кошты зноў пайшлі ўверх.

На гэтым фоне курс расейскага рубля да долара знізіўся 1 жніўня на 70 капеек і дасягнуў 64,36 – найгоршага значэння з 18 чэрвеня.

Дадатковым ціскам на расейскую валюту стала тое, што ўсё той жа Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзенні санкцый у дачыненні да Расеі за ўжыванне газу «Навічок» у брытанскім Солсберы пры нападзе на расейскага падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку.

Hавiны
ЗША ўвядуць другі пакет санкцыяў у дачыненні РФ у сувязі са справай Скрыпалёў
2019.08.02 10:31

Хоць канкрэтныя санкцыі пакуль невядомыя, 2 жніўня курс расейскага рубля працягнуў падзенне. Кошт долара вырас яшчэ на 56 капеек да 64,92 рубля.

Усё залежыць ад канкрэтных санкцыяў

Падзенне расейскага рубля справакавала рэзкія змены курсаў і ў Беларусі. У выніку таргоў 2 жніўня на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара вырас на 0,54 % да 2,0553 рубля, еўра – на 0,92 % да 2,2796 рубля, пры тым што расейскі рубель патаннеў на 0,97 % да 3,1743 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Разам з тым, як адзначыў старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у каментары belsat.eu, адносна кошыку валютаў беларускі рубель нават трошкі ўмацаваўся.

Што датычыць будучыні расейскага рубля, то шмат што залежыць ад тых санкцыяў, якія Трамп прапісаў у сваім указе.

«Цяжка меркаваць, наколькі балючымі, ці наадварот, яны будуць для Расеі», – заявіў аналітык.

На яго думку, рэакцыя Расеі на санкцыі будзе працяглай, што будзе звязана з адтокам інвестараў з расейскіх дзяржаўных аблігацыяў. У выніку падзенне расейскага рубля да долара і еўра працягнецца. Працягласць і моц падзення будуць залежыць ад канкрэтных санкцыяў.

«Падзенне расейскага рубля да долара аўтаматычна будзе прыводзіць да таго, што ў нас да беларускага рубля расейскі рубель будзе таннець, а долар наадварот даражэць. З улікам долі расейскага рубля ў нашым кошыку, на кожны адсотак росту курсу долара ў Расеі, у нас долар будзе даражэць прыблізна на 0,5 %. І з гэтым нічога не паробіш», – заявіў Вадзім Іосуб.

Суразмоўца падкрэсліў, што курс беларускага рубля адносна кошыку валютаў пры гэтым можа не змяняцца. Але моцнае змяненне курсу расейскага рубля да долара, «паводле законаў матэматыкі», аўтаматычна прыводзіць да падаражэння долара ў Беларусі, дадаў эксперт.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў