Тона газы для «кактэйляў Молатава»: жыхароў Наваградку судзяць за рыхтаванне масавых закалотаў


У Наваградку распачаўся рэзанансны суд над мясцовымі жыхарамі, якіх ужо прызналі палітычнымі вязнямі.

У Наваградскім раённым судзе 15 снежня пачалі разглядаць справу аб рыхтаванні масавых закалотаў (арт. 293, ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі). Вінавацяць двух жыхароў Наваградку – Уладзіміра Гароха і Дзяніса Кірэшчанку. Гароху інкрымінуюць і публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368, да трох гадоў пазбаўлення волі).

Уладзімір Гарох (стаіць) і Дзяніс Кірэшчанка ў судзе . 15 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

Дзяніса Кірэшчанку 1974 года нараджэння затрымалі 8 жніўня. Прадпрымальнік, мае дваіх малалетніх дзяцей.

Уладзіміра Гароха 1973 года нараджэння затрымалі 18 жніўня. Рамеснік, стварае драўляныя вырабы ў «Хойніцкіх рамёствах». У яго чацвёра дзяцей, адзін няпоўнагадовы.

Праваабаронцы прызналі абодвух палітвязнямі.

Падтрымаць іх на суд прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, але ў залу паседжання пусцілі толькі дзевяць – блізкіх сваякоў і некалькіх журналістаў: маўляў, праз каронавірус.

Абвінавачваных прыйшлі падтрымаць жыхары Наваградку і Карэлічаў. 15 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

Большая частка засталася чакаць у фае на першым паверсе. Яны гавораць, што прычынаю распачынання крымінальнай справы сталі ананімныя званкі і ўсё абвінавачанне будуецца на словах сведак.

Вядзе справу суддзя Васіль Аляхновіч.

Версія абвінавачання

Згодна з абвінавачаннем, Уладзімір Гарох з чэрвеня да 9 жніўня 2020 года праводзіў сустрэчы ў Карэлічах, Наваградку, Дзятлаўскім і Лідскім раёнах, каб падабраць і падрыхтаваць людзей да ўдзелу ў масавых закалотах. Звычайна на такія сустрэчы прыходзілі прыблізна пяць асобаў.

Перад судовым паседжаннем у Наваградку. 15 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

Паводле матэрыялаў справы, 10 жніўня Гарох планаваў правакаваць масавыя беспарадкі: падпальваць будынкі і службовыя аўтамабілі працаўнікоў аддзелаў унутраных справаў Наваградскага ды Карэліцкага райвыканкамаў, аказваць узброены супраціў уладам і сілавікам з выкарыстаннем «кактэйляў Молатава», блакаваць спілаванымі дрэвамі аўтадарогі Карэлічы–Наваградак, арганізоўваць на Замкавай гары намётавы лагер супраціву.

Але нічога з гэтых планаў рэалізавана не было «дзякуючы пільнай працы праваахоўных органаў», якія 7 жніўня нібыта перашкодзілі Гароху і прымусілі яго хавацца.

Да таго ж, 14 жніўня Уладзімір у чаце «Viber» – «Новогрудок для жизни» – напісаў «непрыстойныя паводле формы і зневажальныя паводле зместу» паведамленні на адрас Лукашэнкі і выбараў, што адбыліся. Паводле пракурора, гэтым ён «публічна падарваў аўтарытэт дзейнай улады».

Дзяніса Кірэшчанку вінавацяць у тым, што 5 жніўня на сустрэчы для арганізацыі масавых закалотаў вучыў прысутных аказваць узброены супраціў сілавікам. У прыватнасці, паказваў, як выкарыстоўваць адрэзкі арматуры ды тэлескапічныя дручкі.

Падвіноўныя віны не прызналі.

«Мае правакацыі людзі ўспрымалі ў штыхі і прапаноўвалі дарыць сілавікам кветкі»

Апошні год Уладзімір жыў у хрысціянскім цэнтры, прыехаў у Наваградак у пачатку ліпеня і ў мэсэнджарах пачаў цікавіцца мясцовай абстаноўкаю. Даведаўся пра марш, які адбыўся ў горадзе ў чэрвені, быў абураны расповедам удзельнікаў, як на іх нападалі людзі ў цывільным і нават не называліся.

У судзе Наваградку. 15 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

Падтрымліваў Святлану Ціханоўскую. На адным з мітынгаў за яе са сцэны заспяваў на беларускай мове песню «Муры».

«Было так натхняльна, што захацелася самому зарганізаваць і зладзіць легальны мітынг у жніўні», – казаў Уладзімір Гарох падчас суда.

Для рэалізацыі задумы ён пачаў ездзіць па раёне і сустракацца з людзьмі, каб сабраць каманду. Шукаючы кіроўцу з аўтамабілем, у пачатку жніўня пазнаёміўся з Дзянісам Кірэшчанкам. Разам з ім паехаў у Карэлічы, каб пагаварыць з мясцовымі пра магчымасць іхнага ўдзелу ў мітынгу.

«Я гэтых усіх людзей не ведаў, але для мяне было важным праверыць, чаго ад іх можна чакаць, так бы мовіць, іхную адэкватнасць. Мне патрэбныя былі нармальныя людзі, якія будуць рабіць усё паводле закону. Таму задаваў ім правакацыйныя пытанні: ці гатовыя яны кідаць арматуру ў аўтамабілі, пілаваць і валіць дрэвы, каб заблакаваць дарогі. Але ўсе мае правакацыі ўспрымаліся ў штыхі, людзі прапаноўвалі дарыць кветкі сілавікам», – адзначае Уладзімір.

Мужчына пераконвае: адзіная мэта гэтых размоваў – даведацца, што гэта за людзі, зрабіць высновы пра псіхалагічныя асаблівасці, наколькі яны агрэсіўныя ды на што гатовыя ісці.

Дарэчы, адзін з тых, з кім сустракаўся Уладзімір, падчас следства сказаў, што Гарох падрыхтаваў тону газы для «кактэйляў Молатава» і нарэзкі арматуры. Аднак нічога з гэтага не знайшлі.

Да гэтага моманту нічога пра арганізацыю мітынгаў Уладзімір не ведаў. Таму паехаў у Менск, дзе сустрэўся з актывістам Алегам, каб даведацца падрабязней пра юрыдычныя нюансы. Той папярэдзіў, што арганізоўваць мітынг ужо позна. Пасля гэтага Уладзімір адмовіўся ад сваёй ідэі:

«Мне прапанавалі быць прадстаўніком Святланы Ціханоўскай, але я адмовіўся, бо ведаў, што ўсіх актывістаў ейнай ініцыятыўнай групы затрымлівалі».

Паводле мужчыны, пасля гэтага патэлефанаваў маёр міліцыі на імя Павел, распытваў, дзе цяпер Уладзімір, чым займаецца.

«Я зразумеў, што за мяне ўзяліся ды я магу трапіць пад пераслед, як і актывісты Ціханоўскай», – распавядае Гарох.

У судзе Наваградку група падтрымкі. 15 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

«Не дай Божа вам перажыць тыя пачуцці, калі збіваюць вашае дзіця»

З 7 жніўня Уладзімір хаваўся ў адным з паселішчаў у Лідскім раёне.

Ягоныя старэйшыя дзеці, Вера і Уладзімір, працуюць фельчарамі хуткай дапамогі. 14 жніўня ад дачкі падвіноўны даведаўся, што падчас пратэставых акцыяў у Менску ягонага сына, які дапамагаў пацярпелым на Бангалоры, жорстка збілі:

«Я быў раз’юшаны. Я вельмі люблю сваіх дзяцей. Пад эмоцыямі ў чаце ў «Вайбэры» напісаў тое, што думаў на той момант пра ўладу».

«Навошта трэба было пісаць такія абражальныя словы на адрас прэзідэнта?» – запытаў пракурор.

«А я вам скажу. Не дай Божа вам перажыць тыя пачуцці, калі збіваюць вашае дзіця. Я б паглядзеў, наколькі цвяроза вы ацэньвалі б сітуацыю», – адказаў Уладзімір.

Віну ў мэтанакіраванай абразе прэзідэнта мужчына не прызнаў.

Суд працягнецца допытам сведкаў і вывучэннем матэрыяльных доказаў.

ВІДЭА
«Сантыметраў 8–10 вышэй – і мне патрапілі б у сэрца». СК два месяцы правярае факт ранення менчука
2020.10.12 12:25

Салідарнасць

Тым часам у Дзяніса Кірэшчанкі з’явіўся «хросны» ў Еўрапарламенце. Гэта Люкас Мандль, дэпутат Еўрапарламенту, чалец Камісіі правасуддзя і ўнутраных справаў. Ён пракаментаваў гэта так:

«Дзяніса Кірэшчанку арыштавалі, бо ён рэалізоўваў сваё права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання. У Еўропе XXI стагоддзя такога не павінна быць. Жорсткія паводзіны рэжыму ў Беларусі ёсць і застаюцца непрымальнымі. Народ Беларусі мае ведаць, што мы разам з ім і падтрымліваем яго ў імкненні да свабоды, дэмакратыі ды вяршэнства закону. З перакананасцю я бяру на сябе абавязак «хроснага» Дзяніса Кірэшчанкі і патрабую ягонага неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх астатніх палітычных вязняў».

Дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі «хроснымі» больш як для сарака палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля іхнага вызвалення.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў