The Washington Post: ГРУ напісала амерыканскім палітыкам фэйкавы ліст ад імя «украінскіх патрыётаў»


фота АР

Галоўнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных сілаў Расеі (ГРУ) спрабавала паўплываць на пазіцыю амерыканскіх палітыкаў па ўкраінскім пытанні, паведамляе The Washington Post са спасылкай на выведку адной з заходніх краінаў.

Паводле выдання, у 2015 годзе 12 амерыканскіх сенатараў атрымалі аднолькавыя электронныя лісты, адпраўнік якіх назваў сябе чальцом групы «Патрыёты Украіны». Ліст, складзены на прымітыўнай англійскай мове, пачынаўся гэтак: «Сенатары і кангрэсмены ЗША! Сітуацыя ў Украіне сёння вельмі цяжкая. Украіна знаходзіцца ў стане вайны… Узровень карупцыі ва ўзброеных сілах каласальны. Высокапастаўлены афіцэр прадае зброю тэрарыстам».

У лісце сенатараў прасілі даслаць «дасведчаных спецыялістаў ЗША і NATO», якія замянілі б украінскае вайсковае камандаванне.

За рассылкай лістоў стаяла адно з падраздзяленняў ГРУ – вайсковая частка № 54777, або 72-і асобны цэнтр спецыяльнай службы, які спецыялізуецца на вядзенні «псіхалагічнай вайны», заявілі крыніцы The Washington Post. Паводле іх, ГРУ пераследавала дзве мэты – дэмаралізаваць украінцаў і прымусіць амерыканскіх палітыкаў думаць, што ўкраінцы страцілі веру ў сваё войска. Пры гэтым 12 сенатараў, якія атрымалі ліст, па ўсёй бачнасці, былі абраныя проста па алфавіце, піша газета.

Выданне адзначае, што спроба расейскай выведкі аказаць псіхалагічнае ўздзеянне на амерыканскіх палітыкаў аказалася няўдалай.

ІІ, belsat.eu, паводле Медуза

Глядзі таксама
Каментары