«Страцілі шмат часу. Тэст заняў 4 дні». Дзяўчына з COVID-19 распавяла пра смерць бацькі

Ганна Восіпава ўжо больш за тыдзень ляжыць у інфекцыйным шпіталі разам з маці. У гэтай жа больніцы 4 красавіка памёр ейны бацька, 69-гадовы Юрый Восіпаў. Жанчыны кажуць, што падчапілі каронавірус ад яго. Спачатку хвароба нагадвала прастуду, але за некалькі дзён у спадара Юрыя развілася цяжкая форма пнеўманіі. Ганна ўпэўненая: калі б інфекцыю выявілі на самым пачатку і не зацягнулі з тэстам на каронавірус, бацька мог бы яшчэ жыць.

Юрыю Восіпаву было 69 гадоў, з адукацыі ён інжынер, да пенсіі працаваў у Нацыянальным банку. Мужчына не піў і не курыў, калісьці шмат займаўся спортам, але праз узрост і праблемы з сэрцам рабіў гэта радзей. Паводле Ганны, хвароба пачалася знянацку. Мянчук без патрэбы нікуды не выходзіў, толькі на шпацыр у парк і аптэку.

«Тата не быў прастуджаны, і тут раптоўна пачало балець горла. Выклікалі аднаго доктара, ён сказаў, што няма віруса. На наступны дзень прыйшоў іншы, сказаў, што ларынгіт, і выпісаў лекі. На той момант мы з мамаю таксама ўжо хварэлі. Які ларынгіт у траіх чалавек, калі гэта не інфекцыйная хвароба?»

Юрый Восіпаў. Фота з архіву Ганны Восіпавай

Ганна пайшла ў паліклініку № 3 з просьбаю зрабіць ёй тэст на COIVD-19. Жанчына працуе ў турыстычнай галіне: шмат кантактуе з замежнікамі, часта бывае ў амбасадах. На той момант у ейнага бацькі ўзялі мазок на наяўнасць каронавіруса, але вынікаў яшчэ не было.

«Я ледзь дайшла да паліклінікі з высокаю тэмпературай. У мяне астма, я вельмі прасіла зрабіць мне тэст, бо пасля магло быць позна. Мне адмовілі, бо я не выязджала за мяжу: маўляў, падставы няма, а за кожны тэст трэба пісаць тлумачальную».

«Катастрофа. Мы сядзім як на парахавой бочцы». Доктар – пра выбух каронавіруса ў Менску

Антыбіётыкі спадару Юрыю не дапамагалі, развілася пнеўманія, і ўжо праз пару дзён яго паклалі ў больніцу № 10. На наступны дзень стала вядома, што тэст на каронавірус пазітыўны. Мужчыну перавялі ў інфекцыйны шпіталь і забралі туды ж ягоную жонку. Ганна адзначае, што рэнтген не ў стане выявіць каронавірусную пнеўманію, яе бачна толькі падчас камп’ютарнай тамаграфіі.

«У маёй мамы рэнтген нічога не паказаў. Пасля шпіталізацыі бацькоў мяне таксама паклалі ў «інфекцыёнку». Доктарка, якая мяне глядзела, дзівілася, што я моцна кашляю, а лёгкія чыстыя. Тады нам зрабілі КТ. Мы столькі часу страцілі! Тэсту не зробіш: чалавека шпіталізуюць, калі зусім кепска. Калі б тата адразу сюды трапіў – магчыма, жыў бы. Страшна падумаць, колькі людзей можа памерці толькі таму, што не абвяшчаюць каранціну».

Палата ў Менскай клінічнай інфекцыйнай больніцы. Фота з архіву Ганны Восіпавай

Ганна заўважае, што ўва ўсіх сямейнікаў назіраліся розныя сімптомы: у бацькі быў насмарк і апухлыя вочы, а ў яе ды маці – наадварот, чысты нос, але вельмі моцны ўдушлівы кашаль.

«Трэба звяртаць увагу на свой стан і адразу ісці да доктара. Цынічна гаварыць, што заражаныя каронавірусам самі вінаватыя. У мяне бранхіяльная астма, у мамы была анкалогія. У нас такая экалогія, ува ўсіх праблемы. У кожнага пасля шасцідзесяці ёсць хранічныя хваробы і недамаганні».

Цяпер Ганна з маці ляжаць у адной двухмеснай палаце. Пакуль рана казаць пра выздараўленне. Моцны кашаль не адступае, тэмпература трымаецца на ўзроўні 38 градусаў. Жанчыны пагадзіліся на лекаванне прэпаратамі супраць малярыі. Ганна ўдзячная медыкам сталічнай інфекцыйнай больніцы. Яна кажа, што дактары змагаюцца за жыццё кожнага пацыента.

Палата ў Менскай клінічнай інфекцыйнай больніцы. Фота з архіву Ганны Восіпавай

«Зразумела, што нашыя дактары ўпершыню апынуліся ў такой сітуацыі. Спрабуюць эксперыментальныя лекі, да кожнага маюць індывідуальны падыход. Медсёстры ўвесь час з намі. Прыходзяць праверыць наш стан нават уначы».

Паводле нашай суразмоўцы, у ноч, калі яна трапіла ў шпіталь, у прыёмным пакоі была чарга на паступленне, таму Ганна не надта верыць у афіцыйны лічбы захварэлых. Ейнага бацьку крэмавалі 4 красавіка. З пахаваннем дапамаглі сябры Юрыя Восіпава. Пасведчання аб смерці сваякі пакуль не атрымалі.

«Яна памерла за паўдня». Доктарка менскай «чацвёркі» пра тое, што забаронена казаць

ДР belsat.eu

Hавiны