«Катастрофа. Мы сядзім як на парахавой бочцы». Доктар – пра выбух каронавіруса ў Менску

Менская інфекцыйная больніца. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Большасць менскіх шпіталяў перапрафілявалі для пацыентаў з пнеўманіяй і каронавірусам. З кожным днём расце колькасць медыкаў з COVID-19. Афіцыйныя лічбы Міністэрства аховы здароўя аб колькасці заражаных адрозніваюцца ад рэальных – на думку суразмоўцы belsat.eu, мінімум у чатыры разы. Доктарка адной з менскіх медустановаў на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з карэспандэнтам «Белсату» пра тое, як насамрэч выглядае эпідэмія ў сталіцы і рэгіёнах.

Кацярына – анестэзіёлаг-рэаніматолаг аднаго з менскіх шпіталяў. Паводле яе, сітуацыя блізкая да катастрафічнай не толькі ў сталіцы. Большасць больніцаў перапрафілявалі для лячэння пацыентаў з пнеўманіяй, каронавіруснай пнеўманіяй, і для тых, з кім кантактавалі хворыя.

«Гэта значыць, што планавая шпіталізацыя спыненая практычна ва ўсіх больніцах Менску. Ёсць падазрэнне, што і ва ўсёй РБ. Пад хворых на пнеўманію і каронавірус аддалі больніцы № 2, № 3, № 4, № 6, № 10 і, вядома, інфекцыёнку, якая прыняла галоўны ўдар».

«Яна памерла за паўдня». Доктарка менскай «чацвёркі» пра тое, што забаронена казаць

Дзяўчына кажа, што ейны шпіталь пакуль працуе ў нармальным рэжыме, але ў любую хвіліну сітуацыя можа змяніцца.

«Мы сядзім як на парахавой бочцы і чакаем, што да нас прыйдуць. Прыязджала міністэрская праверка, нам простым тэкстам сказалі: чакайце, да вас дакладна кагосьці перавядуць».

Суразмоўца сцвярджае, што з кожным днём каронавірусам заражаецца ўсё больш медыкаў. У шпіталі № 3 напрыканцы сакавіка быў выбух інфекцыі. У 17 чалавек пацвердзілі COVID-19, пяцёра з іх – медперсанал. Больніца № 10 адна з самых вялікіх і шматпрофільмых у Менску. І яе таксама цалкам перапрафілявалі для інфікаваных COVID-19.

1-я гарадская клінічная больніца Менску, тут пакуль яшчэ прымаюць усіх пацыентаў. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«У Віцебску больніцы не даюць рады з плыняй пацыентаў з пнеўманіямі. Там нават аперацыйныя пераабсталявалі пад палаты, паставілі ложкі. Напрыклад, так зрабілі ў былым Чынуначным шпіталі. У «тройцы» засталася незачыненая радзільня, бо там аказваюць экстранную акушэрскую дапамогу жанчынам з інфекцыямі. Туды павязуць усіх парадзіх з каронавіруснай інфекцыяй».

Кацярына кажа, што праз нястачу медперсаналу і вялікую колькасць хворых у тым жа Віцебску анэстэзіёлагаў-рэаніматолагаў пераводзяць

з адных больніцаў у іншыя, а Міністэрства аховы здароўя наўмысна падае заніжаныя лічбы.

«Я і мае калегі сыходзімся на тым, што тых, хто захварэў, як мінімум у чатыры разы больш. Той жа тэст на каронавірус можа быць два разы адмоўны, а трэці раз – станоўчы. Але да трэцяга разу чалавек банальна не дажывае. Вось вам і статыстыка, што гэта не каронавірус, а пнеўманія».

2000 – 68 000 смерцяў. Прагнозы вынікаў эпідэміі для Беларусі

Гэта яшчэ не пік эпідэміі, кажа медык. Паводле Кацярыны, хворых і памерлых будзе больш, перахварэюць практычна ўсё. Доктар падтрымлівае ідэю каранціну. На думку дзяўчыны, нават цяпер самаізаляцыя дапамагла б запаволіць распаўсюджванне віруса па краіне.

«Калі б у нас увялі штрафы, ніхто нікуды б не выходзіў. А так – на вуліцы поўна людзей, натоўпы ў крамах. Вядома, каранцін трэба было ўводзіць раней, але нават цяпер ён бы дапамог. Беларускія дактары лечаць каронавірус паводле пратаколу, г. зн. выкарыстоўваюць тыя ж прэпараты, што і італьянцы, кітайцы, іспанцы. Таму няправільна казаць, што нашыя медыкі не ўмеюць лячыць, што грэбуюць захадамі засцярогі. Як можна засцерагчы сябе, калі ў шпіталях два рэспіратары на ўсю рэанімацыйную змену?»

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на дзень 6 красавіка ў Беларусі пацверджаныя 700 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ды 13 смерцяў. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 7 красавіка заявіў, што сітуацыя з распаўсюдам COVID-19 не катастрофстрафічная, заклікаўшы беларусаў умацоўваць імунітэт, займацца спортам і адмовіцца ад шкодных звычак.

Медсястра з Менску: рэактываў на тэсты няма, як няма і масак, антысептыкаў, спецадзення

ДР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны