«Табе проста трэба выйсці замуж». Як актывістка студэнцкага стачкаму схадзіла на размову ў ГУБАЗіК


Актывістка студэнцкага стачкаму БДУ распавяла belsat.eu, як сілавікі запужвалі яе адлічэннем з універсітэту, арыштам, цікавіліся ейным прыватным жыццём, запісвалі паказанні на камеру, пры гэтым адваката ў кабінет не дапусцілі. Імя нашай гераіні мы не называем з меркаванняў бяспекі.

У панядзелак, 31 жніўня, дзяўчыне тэлефанаваў намеснік дэкана факультэту журналістыкі БДУ, дзе яна навучаецца. Яна не брала трубку праз выключаны тэлефон, але потым пра тое, што намеснік дэкана чакае на размову, напісала стараста курса. Дзяўчына ісці адмовілася, бо на наступны дзень была выкліканая ў ГУБАЗіК і палічыла, што паразмаўляць з адміністрацыяй журфаку лепш пасля гэтага.

Студэнты і выкладчыкі БДУ падпісалі петыцыю і выйшлі на праспект Незалежнасці. Менск. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«У аўторак роўна а 12-й гадзіне мы з адвакатам прыйшлі ў ГУБАЗіК, пачакалі хвілін сем. Потым да нас выйшаў супрацоўнік, запрасіў у будынак. Да мяне падышлі некалькі супрацоўнікаў і пачалі падштурхоўваць у спіну, каб я прайшла ў кабінет. Я запытала, а як жа адвакат. Мне сказалі, што зараз ён абавязкова зойдзе таксама. Натуральна, ніякага адваката да мяне пазней не прапусцілі», – узгадвае суразмоўца «Белсата».

Паводле слоў дзяўчыны, сілавікі, якія ўвесь час змяняліся ў кабінеце, не называлі сваіх імёнаў і пасадаў. Цікавіліся, у першую чаргу, дзеяннямі стачкаму.

«Мы з паплечнікамі нават не рабілі нейкіх актыўных дзеянняў, проста вялося абмеркаванне на факультэце. Большасць выкладчыкаў, з якімі мы размаўлялі, ідэю забастоўкі не падтрымалі. Пыталіся, ці ведаю я адмінаў тэлеграм-чату БДУ, але вельмі хутка стала зразумела, што мне няма чаго сказаць», – тлумачыць яна.

Не атрымаўшы ніякай важнай інфармацыі ад студэнткі, супрацоўнікі ГУБАЗіК пачалі казаць пра магчымае адлічэнне ці содні за ўдзел у масавых акцыях.

«Запыталі, ці ведаю я, што мяне амаль адлічылі з універсітэту, нібыта рашэнне было прынятае яшчэ ўчора. Калі ўбачылі, як спакойна я на гэта рэагую, пачалі запужваць, што пасадзяць на содні. Спачатку казалі пра пятнаццаць, потым пра тры».

Сілавікі цягам гутаркі змянялі тактыку: у нейкі момант дзяўчыне нават прапанавалі печыва і паабяцалі, што «папросяць, каб не адлічвалі з універсітэту».

Студэнцкі марш
Студэнты менскіх універсітэтаў падчас шэсця з нагоды пачатку навучальнага году. 1 верасня 2020 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak,.tv

«Раптам пачалі казаць зусім дзіўныя рэчы. Смяяліся з таго, што мне 20 гадоў, маўляў, выглядаю малодшай. А я проста невысокага росту. Потым запыталі, ці ёсць у мяне хлопец. Казалі: «Табе проста трэба выйсці замуж», «Што табе не падабаецца?»

Напрыканцы размовы сілавік прынёс камеру і загадаў дзяўчыне распавесці пра тэлеграм-чат стачкаму. Яна сцвярджае, што не называла прозвішчаў удзельнікаў, ніякіх важных звестак не агучвала. Пасля гэтага ёй далі падпісаць дакумент аб тым, што яна папярэджаная пра крымінальную адказнасць за экстрэмісцкую дзейнасць.

Паводле актывісткі, размова ў ГУБАЗіКу цягнулася прыкладна гадзіну. Адвакат чакаў яе на вуліцы. Цяпер яны разам думаюць пра магчымасць скаргі за нядопуск адваката.

«Учора я не пайшла на пары, бо была ў вельмі стрэсавым стане. Сёння была ўсяго адна пара. Мы пакуль хочам пачакаць, сцішыцца, а праз некаторы час абмяркуем з аднакурснікамі, што рабіць далей. Ведаю, што шмат студэнтаў плануюць выйсці з БРСМ і прафкаму, пратэставыя настроі ў студэнтаў ёсць, яны не зніклі», – тлумачыць яна.

Нагадаем, 1 верасня ў Менску прайшоў пратэставы марш студэнтаў, у якім узялі ўдзел тысячы чалавек. Іх разганялі і брутальна затрымлівалі сілавікі. Паводле дадзеных МУС, агулам па Беларусі ўчора былі затрыманыя 123 асобы.

Hавiны
«Чакалі, што выйдзе рэктар, але ён не выйшаў». Удзельнікі менскага маршу студэнтаў – пра тое, чаму выйшлі на вуліцы
2020.09.02 12:26

КА belsat.eu

Стужка навінаў