Сяргею Ціханоўскаму можа пагражаць да 3 гадоў зняволення


Блогеру Сяргею Ціханоўскаму афіцыйна выставілі абвінавачванне, паведамляе тэлеграм-канал «Страна для жизни».

Як чакаецца, артыкул Крымінальнага Кодэксу, паводле якога будуць трымаць за кратамі папулярны відэаблогер і кіраўнік штабу аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, назавуць заўтра, 9 чэрвеня.

Паводле артыкулу 127 УПК Беларусі, мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пры папярэднім расследаванні крымінальнай справы не можа перавышаць двух месяцаў. Але тэрмін утрымання абвінавачанага пад вартай можа быць прадоўжаны да трох месяцаў.

Да трох гадоў зняволення?

Пры гэтым сваякі Сяргея Ціханоўскага не ведаюць, які канкрэтна артыкул інкрымінуюць яму. Такая інфармацыя паступае і ад іншых сваякоў затрыманых разам з ім.

Але нявеста затрыманага Вяргілія Ушака паведаміла «Вясне», што яму выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацыяў, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства».

За гэта прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

Меркаванні
Арышты ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай і адарваны гузік Аляксандра Лукашэнкі
2020.06.08 11:44
  • Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. Затрыманне адбылося пасля таго, як адна з прысутных на пікеце жанчын справакавала канфлікт з Ціханоўскім, прыбылі міліцыянты, завязалася штурханіна. У выніку міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў. Паводле міліцыі, пацярпелі двое працаўнікоў, яны шпіталізаваныя.
  • Паводле праваабаронцаў, агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек. У іх прайшлі ператрусы. 4 чэрвеня падчас трэцяга ператрусу на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскім раёне следчая група знайшла 900 тысяч долараў. Жонка блогера Святлана Ціханоўская назвала гэта правакацыяй.
  • Праваабарончыя арганізацыя Беларусі прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць ягонага вызвалення. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць быць уведзеныя новыя санкцыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў