Сяргей Жадан адказаў Шуневічу


Міністр унутраных спраў падчас сустрэчы з журналістамі напярэдадні Дня міліцыі сказаў, што не ведае, хто такі Сяргей Жадан.

Журналісты запыталі, чаму сучаснага ўкраінскага пісьменніка ўначы затрымалі міліцыянты. Ігар Шуневіч адказаў, што Сяргея Жадана палічылі «асобай з афарбоўкай тэрарыстычнай дзейнасці».

«Я добра ведаю ўкраінскую літаратуру, вывучаў яе 17 гадоў. Пісьменніка Жадана я не ведаю, магчыма, да свайго сораму. Усяго ў спісе «непажаданых» больш 1 мільёна 700 тысяч чалавек. З іх больш за 500 тысяч грамадзянаў Украіны. Чаму затрымлівала міліцыя? Таму што міліцыя працуе добра. Паводле адпаведным базам дадзеных атрымалі інфармацыю пра знаходжанне ў населеным пункце асобы з афарбоўкай тэрарыстычнай дзейнасці. Адбылося ўначы, таму што мы атрымалі інфармацыю ўначы. Мы не змаглі праігнараваць сітуацыю знаходжання на нашай тэрыторыі асобы з афарбоўкай тэрарыстычнай дзейнасці».

Пісьменнік адрэагаваў на словы Шуневіча ў сваім Facebook’у.

«Блін, і я яго таксама не ведаю», – напісаў Сяргей Жадан.

Сталічныя міліцыянты прыйшлі ў гатэльны нумар Сяргея Жадана ўначы і забралі яго ў аддзяленне, дзе высветлілася, што паэту забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі (за «датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці»). Ён правёў ноч у камеры. Пісьменніка хацелі дэпартаваць, але пазней Беларусь адмяніла забарону на ўезд.

Сёлета беларускія праваахоўнікі запатрабавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі карэспандэнта Грамадскага тэлебачання Данбасу Віталя Сізова, які трапіў у расейскі спіс непажаданых асобаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў