На перамовы ад Беларусі паехалі міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык і віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Хто будзе на перамовах з расейскага боку, не гаворыцца. Пра гэта паведаміў першы намеснік кіраўніка Мінэнерга Леанід Шэнец. Паводле яго, газ запампоўваецца ў падземныя сховішчы ў Беларусі «паводле графіку». На 2017 год Шэнец плануе атрымаць 19,3 млрд м³ газу з Расеі згодна з кантрактам.
Беларусь і Расея не могуць дамовіцца наконт цаны на газ. Беларускі бок хоча яго набываць па цане 73 $ за тысячу кубаметраў, але Расея не хоча даваць зніжак. Мінэнэргетыкі РФ настойвае, што запазычанасць Беларусі за папярэднія пастаўкі складае каля $ 270-300 млн. Актуальная цана расейскага газу для нашай краіны – 132 $. Менск не прызнае запазычанасці.
На фоне газавых спрэчак Расея знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь, у адказ наша краіна на 50 % павысіла тарыфы на транзіт расейскай нафты праз беларускую тэрыторыю. З гэтым рашэннем Расея не пагадзілася – «Транснефть» не падпісаў пагаднення. Канчатковае ўрэгуляванне пытання залежаць ад судовага рашэння або перамоваў урадаў ці прэзідэнтаў, заяўляе расейскі бок.
Чытайце таксама >>> Класкоўкі: Беларускі рэжым будзе круціцца як вуж на патэльні
Гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Расеяй аб цане на газ цягнулася з пачатку года. Усе папярэднія спробы ўрэгуляваць газавы канфлікт скочваліся безвынікова.
ДР belsat.eu паводле ria.ru