Уладзімір Сямашка
Урад Беларусі не вядзе перамоваў аб набыцці вугалю ў «Луганскай народнай рэспублікі». Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ў кулуарах Беларускага прамысловага форуму.
Інфармацыя пра тое, што Беларусь будзе набываць вугаль у ЛНР, з’явілася на мінулым тыдні. Кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Ігар Платніцкі заявіў у інтэрв’ю расейскай газеце «Известия», што «Луганская народная рэспубліка» вядзе перамовы з Беларуссю, Турцыяй і Кітаем аб набыцці вугалю.
«Узнікаюць складанасці з вывазам прадукцыі, з афармленнем сертыфікатаў. Мы шукаем шляхі рашэння праблемаў, упэўнены, што выйсці знойдзем. Тут тонкая мяжа паміж эканомікай і палітыкай. Выхад новага гульца на рынак заўсёды неадназначна ўспрымаецца іншымі ўдзельнікамі», – заявіў Платніцкі.
А вось як тады пракаментаваў Belsat.eu імаверныя пастаўкі вугалю з непрызнанага ўтварэння эканаміст Яраслаў Раманчук:
«Паколькі ДНР і ЛНР вельмі патрэбныя грошы, то, я думаю, і цана ў іх будзе дастаткова прывабная – Беларусь можа на гэтым зарабіць. Але, безумоўны, гэта можа паўплываць на ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Украінай. Гэта вялізарная цана. Калі мы пагонімся за тым, каб зарабіць на вуглі з ЛНР, напрыклад, $ 150 млн, а пры гэтым згубім $ 2 млрд з Украіны, то гэта, безумоўна, будзе не раўназначны абмен. Таму думаю беларускія ўлады 20 раз падумаюць перад тым, як кантракт заключыць».
Глядзіце таксама: