Святлана Ціханоўская: Усяго за тры дні мы вярнулі сабе пачуццё адзінства і большасці


Святлана Ціханоўская лічыць вельмі ўдалымі вынікі першых трох дзён галасавання за перамовы з уладамі, якое праходзіць на платформе «Голас», і яна заклікала беларусаў не спыняцца на гэтым.

«За тры дні за перамовы прагаласавалі больш за 620 тысяч беларусаў. Гэта абсалютны рэкорд для ўсіх апытанняў у «Голасе» з лета 2020 года. Рэакцыя рэжыму рушыла ўслед неадкладна. Прапаганда распавядае пра тое, у чым рэжым разбіраецца лепш за ўсё, – фальсіфікацыі ды накруткі. Яны адключаюць інтэрнэт, блакуюць сайты, прымушаюць людзей галасаваць «супраць». Яны хочуць зноў пасеяць страх – але з кожным днём толькі ўзмацняюць свой уласны», – заявіла Ціханоўская.

Палітык падкрэслівае, што ўлады не могуць заблакаваць чат-боты, а калі кагосьці вымусілі прагаласаваць «супраць», то ён можа дома бяспечна аддаць паўторна голас «за» – залічыцца толькі апошні вынік. Ціханоўская падкрэслівае, што гэта бяспечна: за восем месяцаў існавання «Галасоў» ніводзін нумар не быў рассакрэчаны.

Паводле Ціханоўскай, «нам спрабуюць перашкодзіць, бо ў гэтага галасавання ўжо ёсць вынікі». Яна падкрэслівае, што ініцыятыву падтрымалі ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі, а таксама на міжнародным узроўні – АБСЕ, МЗС Славеніі, МЗС Аўстрыі, старшынёўства Швецыі ў АБСЕ, місія ЗША ў АБСЕ, эксперты, парламентарыі нацыянальных парламентаў і Еўрапарламенту.

«Вы ж адчуваеце: усяго за тры дні мы зноў вярнулі сабе пачуццё адзінства і большасці. Галасаванне наглядна паказвае, што беларусы не здаюцца і хочуць пераменаў. Мы зноў адчуваем падтрыманне ўсяго свету. І ведаем, што голас беларусаў ужо пачуты. Давайце зробім яго яшчэ мацнейшым!» – заклікала Ціханоўская.

Нагадаем, на гэтым тыдні Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам, у якім заявіла, што ёй трэба мець мандат на ўдзел у перамовах аб мірнаым перадаванні ўлады:

«Мы запускаем гэтае галасаванне, каб правесці перамовы з тымі прадстаўнікамі рэжыму, якія гатовыя думаць пра будучыню і прымаць саспелыя рашэнні, а не зацягваць крызіс да поўнай катастрофы. І такія людзі ёсць», – прагучала ў звароце. Цягам першых дзевяці гадзінаў пад своеасаблівай петыцыяй за перамовы ўладаў і апазіцыі подпісы пакінулі 360 000 беларусаў.

Аб’ектыў
Голас за мірныя перамовы
2021.03.20 21:31

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў