«Гаўбец – частка маёй кватэры. Магу рабіць, што хачу», – сказаў Аляксей Барысаў на судзе. Але суд Ленінскага раёну Магілёва 27 студзеня прызнаў яго вінаватым у пікетаванні на ўласным гаўбцы і аштрафаваў на 35 базавых велічыняў.
У пратаколе правапарушэння адзначалася, што з 29 лістапада да 6 снежня 2020 года на гаўбцы Барысава вісеў бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй, а таксама дзве налепкі – Пагоня на бел-чырвона-белым фоне і лагатып «Страны для жизни».
Факт таго, што сцяг і дзве налепкі на ягоным гаўбцы былі, Аляксей прызнаў. Але сваю віну ў тым, што ён нібыта пікетаваў, адмовіў.
«Мая кватэра – мая ўласнасць, магу рабіць там, што пажадаю. Пры дапамозе сцяга я ўпрыгожыў сваю кватэру.
Мой гаўбец хоць і месціцца на першым паверсе, але ён зашклёны і нават ацяпляецца, ён частка кватэры. Тым больш, бел-чырвона-белы сцяг ніяк не забаронены, а Пагоня ўключаная ў спіс культурных каштоўнасцяў», – тлумачыць сваю пазіцыю Аляксей.
На суд да Аляксея Барысава акрамя журналістаў прыйшоў і начальнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка. Каб асабіста пачуць, які будзе прысуд. Менавіта ён патрабаваў ад Аляксея як мага хутчэй заплаціць мінулы штраф паводле 23.34 КаАП і прынесці яму квітанцыю.
Калі мужчына выканаў гэтае патрабаванне і прынёс квітанцыю аб аплаце штрафу ў Ленінскі РАУС, міліцыя не падала звестак у суд, праз што суд перадаў справу судовым выканаўцам. У выніку ўжо сплачаны штраф яшчэ раз спісалі з карткі Аляксея.
Аляксей Барысаў кажа, што міліцыя вельмі пільна за ім сочыць.
Паводле яго, міліцыя дабілася, каб яго звольнілі з працы – з 30 снежня 2020 года Аляксей Барысаў больш не працуе глебазнаўцам у дзяржаўнай арганізацыі «Праектавы інстытут Магілёўгімпразем», якой ён аддаў 12 гадоў.
«Я заклікаю ўсіх, хто трапіў у такую сітуацыю, як я, на каго ціснуць з розных бакоў, не маўчаць пра гэта. Гэта злачынныя дзеянні, і іх трэба апублічваць. Свой чарговы штраф паводле 23.34 КаАП, нібыта за пікетаванне на сваім уласным гаўбцы, я разглядаю як палітычны пераслед, не інакш», – сказаў Аляксей Барысаў.
Увесну 2020 года Аляксей Барысаў у якасці валанцёра далучыўся да магілёўскае суполкі «Страны для жизни», браў актыўны ўдзел у пікетах на знак падтрымання Святланы Ціханоўскай, а таксама рабіў пасты пра іх у сваіх сацыяльных сетках.
На працы актыўнасцю Аляксея зацікавіліся пасля прыходу працаўніка сілавых структураў. Спачатку Аляксея папярэдзілі ды папрасілі выдаліць публікацыі ў сацсетках, але 30 снежня ўсё ж звольнілі паводле пагаднення бакоў.
Вольга Васільева, «Белсат»