Кроў і сырое мяса. На Валожыншчыне аднавілі старыя кулінарныя традыцыі (Фота 16+)


Разбор свініны

Сябры Клубу аматараў рэгіянальнай аўтэнтычнай кухні («КАРАК») правялі кулінарнае спатканне «Капыцікі».

Яно адбылося ў аграсядзібе «Засценак Скрыплёў».

Раней мясцовыя жыхары запрашалі да сябе «на капыцікі», калі забівалі хатняга кабана, казла ці барана, адразаючы ім капыты. З якіх гатавалі розныя стравы.

Для беларускага вяскоўца, які не еў мяса кожны дзень, такая падзея была заўсёды святам. Часта падобныя спатканні праводзілі перад вялікімі каляндарнымі святамі, Калядамі ці Вялікднём, і лічылі своеасаблівым ахвярапрынашэннем багам.

Карэспандэнт Belsat.eu убачыў, як раней абмотвалі вяроўку вакол свінога хвасту – каб вызначыць, якой будзе таўшчыня сала ў свінні.

Перад тым як разабраць свінню, ёй заўсёды рэзалі крыжык на грудзі, а саскі свінкі адразалі, каб потым пакінуць у хляву. Рабілася гэта для таго, каб там і далей нараджалася і вялася жывёліна.

Таксама энтузіясты таварыства «КАРАК» паказалі, як раней мужчыны пілі свежую кроў, якую вычэрпвалі кубкам пасля праразання адтуліны каля сэрца кабана. У некаторых вёсках традыцыя жыве і сёння. Кажуць, што дзякуючы выпітай крыві мужчына ці стары чалавек набываў больш сілы ды здароўя.

Безумоўна, гэта не ўсім сучасным беларусам гэта падаецца эстэтычным і бяспечным для здароўя, як і традыцыя ўжывання мужчынамі сырой свежаніны з соллю. Старыя ж людзі распавядаюць, што нашыя дзяды ўжывалі да таго троху моцнага алкаголю – каб адсвяткаваць разбор жывёліны і зрабіць пры гэтым дэзынфекцыю арганізму.

Смак крыві

Любілі беларускія вясковыя мужыкі таксама з’есці свіное вуха з соллю.

Фінальным акордам у разборы свінні стала частаванне традыцыйнай смажанай свежанінай пад чарку, а пасля – прыгатаванне традыцыйных беларускіх мясных страваў да кулінарнага спаткання.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў