Светлагорск. Трое дзетак сышлі з садку і паехалі на цягніку ў Жлобін


Хлопчыкаў 3–4 гадоў шукала ўся светлагорская міліцыя.

Увечары 3 студзеня трое хлопчыкаў 3–4 гадоў сышлі з дзіцячага садку № 21.

«Паведамленне ад аднаго з бацькоў аб тым, што прыйшоўшы ў дзіцячы сад за трохгадовым сынам, ён не знайшоў дзіцяці, паступіла ў 17:30, – распавёў старшы аператыўны дзяжурны службы міліцыі грамадскай бяспекі Светлагорскага РАУС Дзмітрый Ісаенка. – Адразу ж паступіў званок ад другога з бацькоў, які распавёў, што ў дашкольнай установе яго жонка таксама не змагла знайсці дзіцяці».

Па трывозе быў падняты асабісты склад РАУС. На месца здарэння выехалі інспектары па справах непаўналетніх, следча-аператыўная група, супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Да пошукаў падключылі ратавальнікаў і медыі.

Выданне «Ранак» падае, што праваахоўнікі спрацавалі аператыўна: а 18:11 дзяцей знайшлі ў жлобінскім дызельным цягніку на пад’ездзе да станцыі Мормаль.

«Міліцыянты выявілі трох хлопчыкаў без суправаджэння дарослых, – раскрывае падрабязнасці Дзмітрый Ісаенка. – Да Жлобіна дзеці ехалі пад наглядам праваахоўнікаў. Затым малых даставілі ў лінейны аддзел міліцыі, дзе звязаліся са светлагорскай праваахоўнікамі. Фатаграфіі дзяцей жлобінскія міліцыянты выслалі пры дапамозе мабільнага прыкладання і бацькі пацвердзілі, што знойдзеныя хлопчыкі іх».

Дзетак прывезлі са Жлобіна ў Светлагорск у гэты ж вечар. Цяпер міліцыянты высвятляюць, чаму малыя здолелі самастойна сысці з дзіцячага садку.

ДД

Стужка навінаў