Сузаснавальнік «Maps.me» і «AiMatter» распачаў інвестыцыйны праект «Bulba ventures»


Ён будзе працаваць у Беларусі і займацца падтрыманнем айчынных стартапаў. Сёння ў партфелі кампаніі ўжо два праекты – OneSoil (падвышэнне прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі праз аналіз звестак і машыннае навучанне) і WANNABY (тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і камп’ютарнага зроку).

Стваральнікі «Bulba Ventures» – беларускі IT-бізнесмен Юры Мельнічак, якога ведаюць па Maps.me і Fabby (праграма, якая змяняе колер валасоў) і былы топ-менеджар «Атлант-М» і «Трайпл» Андрэй Аўсіевіч.

Мельнічак адзначае ў інтэрвʼю dev.by, што гэта «Bulba Ventures» не фонд, а інвестыцыйная кампанія. Андрэй Аўсіевіч тлумачыць, што іх мэта не проста набраць шмат грошай і адзінкава ўкладаць невялікія сумы ў шмат праектаў, а ўкладаць высілкі і час у абмежаваную колькасць кампаніяў.

«На жаль, мы ўсё яшчэ назіраем трэнд: стартапы спрабуюць атрымаць інвестыцыі ў сябе на радзіме, а калі гэта не атрымліваецца, зʼязджаюць у Еўропу, Ізраіль, ЗША ці Расею. Як правіла, заходнія інвестары ставяць умовы, каб стартап перамяшчаўся ў іх юрысдыкцыю.

Мы таксама так робім: разглядаем не толькі стартапы з Беларусі, але калі кампанія жадае атрымаць нашу ментарскую дапамогу і інвестыцыі, то важнай умовай зʼяўляецца рэлакацыя ў Беларусь», – адзначае Юры Мельнічак.

Аўсіевіч дадае, што цяпер ПВТ 2.0 стварыў асяроддзе, у якім будзе камфортна не толькі аўтсорсу, але і стартапам з высокай ступенню рызыкі, у тым ліку замежным кампаніям.

Кампанія факусуецца на праектах, істотнай часткай якіх зʼяўляецца машыннае навучанне. Зусім не абавязкова, але пажадана, каб праект знаходзіўся на стыку ІТ і нейкіх сумежных вобласцяў з рэальнага бізнесу, кажа Мельнічак. Аўсіевіч дадае, што стваральнікі праекту хочуць бачыць у партфелі кампаніі стартапы, звязаныя са здароўем і здаровым ладам жыцця.

«Мы за тыя праекты, якія могуць нешта змяніць у свеце», – адзначае Аўсевіч.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў