«Суровы Зе кандыдат». Віталь Зялкоўскі актыўна рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў


Віталь Зялкоўскі. Фота vk.com

Вядомы беларус Віталь Зялкоўскі, які стаў папулярным інтэрнэт-мэмам за асаблівую манеру фатаграфавацца з аднолькава сур’ёзным выразам твару ў розных краінах свету, плануе вылучацца на прэзідэнта. «Суровы турыст» распавёў «Белсату», як прыйшоў да свайго рашэння і чаго чакае ад прэзідэнцкай кампаніі – 2020.

Віталь Зялкоўскі яшчэ ў 2014 г. заявіў пра свае палітычныя амбіцыі. Летась у лістападзе ён агучыў, што мае намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Віталь, які, нягледзячы на сур’ёзны выраз твару на фота, шчыра усміхаецца, кажа, што цяпер актыўна працуе над тым, каб перамагчы на выбарах.

«Каманда збіраецца, фінансавыя пытанні таксама вырашаныя. Вядуцца перамовы з некаторымі палітычнымі сіламі, пазней я паведамлю пра вынікі», – распавёў «Белсату» Віталь Зялкоўскі.

Віталь Зялкоўскі нарадзіўся ў 1980 г. у Маладзечне. Цяпер жыве і працуе ў Менску, займаецца камерцыйнай дзейнасцю ў сферы ІТ, часта наведвае краіны Еўропы. У 2013 г. ён стаў папулярным інтэрнэт-мэмам праз фотаздымкі на фоне славутасцяў з вельмі сурʼёзным выразам твару.

Віталь Зялкоўскі адзначае, што яго цікавіць галоўным чынам змены ў краіне менавіта праз выбары, мірным шляхам. Паводле Віталя, змены адбудуцца ўжо досыць хутка, але дзеля гэтага неабходна добра падрыхтавацца.

«Я ведаю як працуе выбарчы працэс у развітых краінах і бачу складанасці ў беларускім працэсе. Відавочна, што ў Беларусі не зацікаўленыя ў паляпшэнні, дакладным падліку і ёсць пытанні да выканання заканадаўства працаўнікамі», – кажа Віталь.

Віталь Зялкоўскі разам са спадарожніцаю. Фота vk.com

Паводле яго словаў Беларуская дзяржава не зацікаўленая ў развіцці палітычнай альтэрнатывы. Гэтак сама як і многія іншыя краіны, якія развіваюцца, не жадаюць вырашаць глабальныя пытанні.

«У нашай краіне могуць пасадзіць за падарунак коштам 50 рублёў, але тое што ва ўладзе знаходзіцца клан Лукашэнкі яны не лічаць карупцыяй. Але я лічу трэба мяняць тэндэнцыю, у палітыцы як і ў іншых сферах павінна быць канкурэнцыя і магчымасці для рэалізацыі», – адзначае Віталь.

Напрыканцы снежня Зялкоўскі напісаў у сацсетках, што адкрывае набор у сваю каманду. Фота vk.com

Цяпер палітык працуе над праграмай. Галоўным мамантам у ёй мае стаць паляпшэнне сацыяльнага падтрымання.

«Ёсць шмат праблемаў, ад якіх беларускія ўлады самаўхіляюцца і кажуць пра нейкія ўяўныя складанасці, я гатовы ліквідаваць гэтыя недахопы. Многія працэсы не змяніліся з савецкіх часоў, гэта ўсё патрабуе мадэрнізацыі. Існы прэзідэнт відавочна перанасыціўся ўладай, ён стаміўся працаваць, ездзіць толькі папіць кавы ў Маскву, ды і то не заўсёды паспяхова, у Еўропе яго не чакаюць, ды і ён не ўмее размаўляць з людзьмі больш высокага інтэлекту, таму гэта ўсё задачы новага кіраўніцтва, але пазітыўныя дасягненні існай улады неабходна захаваць», – лічыць Віталь Зялкоўскі.

Хто заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі?

Выбары прэзідэнта Беларусі маюць адбыцца сёлета да канца жніўня. Дакладная дата пакуль не вызначаная. Але пра ўдзел у выбарчай кампаніі заявілі шэраг палітычных партыяў і асобных палітыкаў. Гэтак партыя БНФ вылучыла Аляксея Янукевіча. Ад АГП – Мікалай Казлоў. Вядома, што вылучаць сваю кандыдатуру мае намер Мікалай Статкевіч, Таццяна Караткевіч, Гана Канапацкая, Вольга Кавалькова. Аляксандр Лукашэнка на пытанне пра ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі падчас галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў адзначыў, што будзе балатавацца, калі гэтага пажадаюць беларусы. Прэзідэнцкія амбіцыі агучыў і старшыня ЛДП Алег Гайдукевіч.

Hавiны
Лукашэнка: Да смерці я не буду прэзідэнтам
2019.09.26 14:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў