Грамадзянін Украіны Павел Грыб арыштаваны да 17 кастрычніка, паведамілі ТАСС у Кастрычніцкім раённым судзе Краснадара.
Рашэнне аб абранні меры стрымання «Грыбу Паўлу Ігаравічу, 1998. года нараджэння, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку», было вынесена 17 жніўня, заявілі прадстаўнікі суда.
Раней бацька Паўла Грыба, былы супрацоўнік памежнай службы Украіны Ігар Грыб паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ пры дапамозе гэтай дзяўчыны. Журналістам удалося высветліць, што яе завуць Тацяна.
МЗС Украіны, у сваю чаргу, паведамляў са спасылкай на ліст з упраўлення ФСБ Краснадарскага краю, што Павел Грыб быў затрыманы 25 жніўня ў Краснадары і змешчаны ў СІЗА.
Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў толькі праз тыдзень. Калі Грыб сапраўды быў у міжнародным вышуку, то застаецца невысветленым, чаму беларускія памежнікі яго не затрымалі пры ўездзе ў Беларусь.
КА, belsat.eu