Суд Маскоўскага раёну Менску адмяніў рашэнне аб дэпартацыі Мэрхдата Джамшыдыяна, які адзінаццаты месяц знаходзіцца ў ізалятары.
Аддзел грамадзянства і міграцыі (АГІМ) хацеў адправіць мужчыну ў Іран, дзе яго можа чакаць пакаранне смерцю. Справу накіравалі на новы разгляд у АГІМ Маскоўскага раёну.
Джамшыдыян з’ехаў з Ірану ў 90-х. Спачатку працаваў у Японіі, а пазней прыехаў у Беларусь. Праблемы пачаліся ў мужчыны ў 2012 годзе, калі яго затрымалі беларускія праваахоўнікі і іранец даведаўся, што на радзіме на яго завялі крымінальную справу, якая прадугледжвае смяротнае пакаранне. Джамшыдыяна абвінавачваюць у забойстве маці і брата. Дарэчы, брат быў апазіцыйным актывістам. У дакументах справы гаворыцца, што забойства было здзейсненае ў верасні 2012 года. Мэрхдата Джамшыдыяна у гэты момант знаходзіўся ў Беларусі, піша TUT.BY.
У Беларусі іранец прыняў хрысціянства. Паводле іранскіх законаў – гэта вераадступніцтва, якое караецца смерцю. Мужчына мае ў Беларусі жонку і траіх дзяцей.
Сёлета амаль 1000 беларусаў падпісалі петыцыю да кіраўніцтва МУС «не пасылаць Мэрхдата на смерць».
ЮВ belsat.eu
Фота – Вадзім Заміроўскі/TUT.BY