Улады Беларусі вырашылі дэпартаваць грамадзяніна Ірану, якому на радзіме пагражае смяротнае пакаранне


Улады Беларусі прынялі рашэнне аб дэпартацыі грамадзяніна Ірану Мерхдата Джамшыдыяна. На радзіме яму пагражае смяротнае пакаранне. Падрабязнасці ў Насты Кахановіч.

«Гэта мамін Дзень народзінаў, ёй 47 год і тата замовіў ёй ружы», – паказвае Дзіяна Джамшыдыян фота.

Гэта апошні здымак бацькоў Дзіяны разам. Тата дзяўчыны ўжо паўгода застаецца ў следчым ізалятары.

«Гэта вельмі цяжка, балюча глядзець на маму», – кажа Дзіяна.

Грамадзянін Ірану Мэрхдат Джамшыдыян жыве ў Беларусі больш за 20 гадоў і, за выключэннем апошніх двух гадоў, меў рэгістрацыю. Але ўжо сем гадоў Іран просіць выдаць мужчыну, бо яго падазраюць у забойстве. Дагэтуль беларускі бок адмаўляўся запускаць працэдуру экстрадыцыі праз адсутнасць пераканаўчых доказаў. Калі мужчыну прызнаюць невінаватым, яму ўсё адно пагражае смяротнае пакаранне.

«Я змяніў веру, іслам на хрысціянства, гэта было ў 2002 годзе», – разказваў Мэрхдат Джамшыдыян.

У чэрвені мінулага года мужчыну затрымалі праз адсутнасць беларускай рэгістрацыі. Дзіяна і ейная маці дазволу на спатканне не атрымалі.

«Апошнія пару месяцаў, напэўна, месяцы 3–4, лісты перасталі даходзіць, як нашыя яму, так і ягоныя да нас. Адзіная сувязь нашая была – лісты. Але цяпер – толькі адвакат», – кажа Дзіяна.

Міністэрства ўнутраных справаў адмовіла надаць мужчыну статус уцекача. Мэрхдат даведаўся, што на пазамінулым тыдні прынялі рашэнне аб высылцы. Пры гэтым дэпартацыя Мэрхдата ў Іран – незаконная.

«У беларускім законе «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства» ёсць артыкул 17.1, які кажа, што нельга высылаць з тэрыторыі Беларусі ў краіну, дзе чалавеку пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне», – тлумачыць Эніра Браніцкая з праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

Штогод статус уцекача ў Беларусі запытваюць некалькі соцень чалавек. Але атрымліваюць яго адзінкі: пазалетась статус надалі толькі пяці чалавекам, падавалі ж хадайніцтва – больш за 700. Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч два гады таму тлумачыў гэта так:

«Вострай неабходнасці ў прыняцці вялікай колькасці ўцекачоў у нас няма. Няма і дастатковых умоваў для таго, каб прымаць вялікую колькасць уцекачоў».

Акрамя таго, у заканадаўстве існуе тэрмін «неспрыяльныя ў міграцыйным плане краіны».

«Няма яго вызначэння нідзе, няма спісу гэтых краін, нідзе ніякага дадатковага дадатку да закону ці нейкай пастановы пра гэтыя краіны. Але гэта падстава для адмовы ў выдачы запрашэння», – кажа Эніра Браніцкая з праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

На веснавой сесіі беларускія парламентарыі будуць разглядаць змены ў Закон аб прававым становішчы замежных грамадзянаў. Адмыслоўцы спадзяюцца, што панятак пра неспрыяльныя для міграцыі краіны будзе выкраслены.

Наста Кахановіч, belsat.eu