Суд над аўтарамі REGNUM. Шыпценка параўнаў беларускіх экспертаў з «авечкамі, што ацэньваюць працу касманаўтаў»


У Менскім гарадскім судзе працягваецца разгляд справы трох грамадзянаў Беларусі аб распальванні нацыянальнай варожасці ў публікацыях на сайце расейскага інфармацыйнага агенцтва REGNUM. 19 снежня пачаўся допыт абвінавачаных. Ніхто з іх сваю віну не прызнае.

20 снежня а 10-й гадзіне судовае паседжанне над «рэгнумаўцамі» працягнулася. Увесь дзень трываў допыт абвінавачанага Сяргея Шыпценка. Дзве з паловай гадзіны зранку ён зачытваў пункты псіхолага-лінгвістычнай судовай экспертызы, якая знайшла прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці ў прад’яўленых абвінавачаннем тэкстах, і абвяргаў іх са свайго пункту гледжання.

У прыватнасці, ён абвінавачвае аўтараў экспертызы ў непрафесійнасці, суб’ектыўнасці і фальсіфікацыі фактаў. Звяртае увагу на арфаграфічныя памылкі і апіскі. Шыпценка неаднаразова іранічна выказаўся аб здольнасцях і кампетэнцыях аўтараў даследавання. Суддзя вынес яму папярэджанне.

Абвінавачаны выказаў жаданне, каб аўтары псіхолога-лінгвістычнай экспертызы прыйшлі на суд, каб з імі можна было падыскутаваць. Даследванне праводзілі трое экспертаў – філолагі і псіхолаг.

«Я спадзяюся, яны наведаюць нашае маленькае свята», – кажа Сяргей Шыпценка.

Разам з адвакатам яны будуць падаваць хадайніцтва аб новай экспертызе і запрашэнні іншых экспертаў, у тым ліку, з Расеі.

Абвінавачаны параўнаў працу беларускіх экспертаў з тым, быццам «авечкі ацэньваюць працу касманаўтаў або асенізатары – працу філосафаў».

«Кірдун і Андрэева (двое з трох аўтараў даследавання) – філолагі па адукацыі, праяўляюць некампетэнтнасць не толькі ў галіне філасофіі, гісторыі, рэлігіі, але і ў сваёй галіне ведаў. Яны разглядаюць публіцыстычны тэкст з пункту гледжання акадэмічнага тэксту» – і прапанаваў ім пачытаць публіцыстычныя сайты.

У залі паседжання знаходзіцца група падтрымкі рэгнумаўцаў, яны ўсміхаюцца і падтрымліваюць выпады Шыпценкі на адрас следства і экспертаў. На судзе прысутнічаюць таксама журналісты расейскіх выданняў.

Дайшоўшы да пункту абвінавачвання, дзе згадваецца, што ў сваіх публікацыях Шыпценка выкарыстоўвае назву краіны Белоруссия, а не Беларусь, ён папрасіў дадаць да матэрыялаў следства часопісы «Аргументы и факты в Белоруссии» і «Комсомольская правда в Белоруссии».

Расейскія эксперты заяўляюць, што не знайшлі прыкметаў экстрэмізму ў публікацыях аўтараў Regnum, абвінавачаных у Беларусі.

Рэдакцыя Regnum не аднойчы заяўляла, што лічыць усе прад’яўленыя аўтарам абвінавачванні беспадстаўнымі.

Пасля перапынку пытанні Сяргею Шыпценка задавалі пракурор, адвакат ды суддзя. Абвінавачаныя Дзмітрый Алімкін і Юрый Паўлавец знаходзяцца ўвесь час побач у «клетцы».

– Ці валодаеце вы тэхнікамі лінгвістычнага і псіхалагічнага ўздзеяння? – пытаецца адвакат.

– Не, не валодаю, – адказвае Сяргей Шыпценка.

– Здаецца, усё ж валодаеце, паглядзіце на Паўлаўца, ён ці то спіць, ці то што… – жартуе суддзя Ігар Любавіцкі.

Судовае паседжанне працягнецца заўтра, 21 снежня. Сачыце за падзеямі на belsat.eu

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў