Мікола Статкевіч паведаміў belsat.eu аб затрыманні некалькіх сваіх паплечнікаў – «кандыдатаў пратэсту», якія падавалі скаргу ў Вярхоўны суд пасля таго, як ЦВК адмовіла ім у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.
Паводле слоў Статкевіча, затрыманне адбылося проста ў памяшканні Вярхоўнага суду.
«Прыкладна а 14:30 яны прыйшлі падаваць скаргі на парушэнне іхных правоў падчас працэдуры рэгістрацыі, апранулі цішоткі з надпісам «Убывай», дзе адна літара прапушчаная. Праз хвілін 15 ахова або нейкія людзі ў цывільным уварваліся ў залу, пачалі патрабаваць зняць цішоткі. Яны адмовіліся гэта зрабіць, канешне. Пасля чаго іх пачалі круціць і грузіць у мікрааўтобус», – сказаў ён.
Статкевіч сцвярджае, што былі затрыманыя «ад 8 да 10 чалавек», і адзін з іх паведаміў, што іх адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Паводле папярэдняй інфармацыі, сярод затрыманых – Анжэліка Жалязнякова, Арцём Бабок, Сяргей Спарыш, Уладзімір Няўмяржыцкі, Тамара Патоцкая і іншыя.
У Цэнтральным РУУС адмаўляюць, што ў пастарунак даставілі гэтых затрыманых асобаў.
Сувязі з затрыманымі актывістамі цяпер няма. Тэлефон таго, хто паведаміў месцазнаходжанне, цяпер адключаны.
***
Раней амаль усім 30 «кандыдатам пратэсту» ЦВК у рэгістрацыі адмовіў. Камісія тлумачыла гэта або адсутнасцю ў дакументах пашпартных дадзеных чальцоў ініцыятыўных групаў, або тым, што апытаныя сябры групаў не ведаюць сваіх кандыдатаў, а самі групы часткова супадаюць па складу.
ЦВК адмовіў і самому Міколе Статкевічу, спасылаючыся на непагашаную судзімасць.
Статкевіч і ягоная каманда прызнавалі, што не будуць збіраць подпісы, а выкарыстаюць выбарчую кампанію дзеля арганізацыі легальных вулічных акцыяў.
КА belsat.eu