ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ўжо 32 ініцыятыўным групам. Галоўнае


ЦВК зарэгістраваў толькі адну ініцыятыўную групу з 23-х, заяўкі якіх разглядаліся на паседжанні 19 траўня. На мінулым тыдні было зарэгістравана чатыры групы, а яшчэ дзесяці было адмоўлена. Астатнія заяўкі будуць разглядацца заўтра.

Агулам 55 чалавек падалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Каля 30 з 55 – гэта «кандыдаты пратэсту», якія вылучаліся ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча.

Мікалай Статкевіч.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Амаль усім «кандыдатам пратэсту» ЦВК у рэгістрацыі адмовіў. Камісія тлумачыла гэта або адсутнасцю ў дакументах пашпартных дадзеных чальцоў ініцыятыўных групаў, або тым, што апытаныя сябры групаў не ведаюць сваіх кандыдатаў, а самі групы часткова супадаюць па складу.

У тым ліку не былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы самога Мікалая Статкевіча і ягонай жонкі Марыны Адамовіч. У выпадку са Статкевічам Цэнтрвыбаркам спаслаўся на судзімасць палітыка (маецца на ўвазе судзімасць за Плошчу-2010), а ў выпадку Адамовіч на тое, што ў большасці сябраў яе ініцыятыўнай групы не былі пазначаны пашпартныя дадзеныя.

Паплечнікі Статкевіча каля ЦВК, 15 траўня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Агулам на паседжанні 19 траўня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі 22 ініцыятыўным групам. Сябры камісіі ўхвалілі толькі адну заяву – Наталлі Кісель, намесніцы дырэктара транспартнай кампаніі. Кіраўніком яе ініцыятыўнай групы з’яўляецца актывіст руху грузаперавозчыкаў Сяргей Штода.

Лідзія Ярмошына падчас паседжанне вельмі рэзка выказвалася наконт стратэгіі Статкевіча. Яна заявіла, што Статкевіч і ягоныя паплечнікі хацелі «ўвесці ў калапс працу ЦВК» і сарваць выбары. Старшыня ЦВК сцвярджала, што ў складзе ініцыятыўных групаў «кандыдатаў пратэсту» нібыта была жанчына, інфікаваная каронавірусам. Паводле Ярмошынай, гэтая жанчына прыязджала ў ЦВК і «хацела плюнуць у прыёмную, каб заразіць назаўсёды». Кіраўніца ЦВК назвала паводзіны Статкевіча і ягоных паплечнікаў «несумленным» і «подлымі», а апошнія дні «вельмі складанымі» для сябраў камісіі.

Абноўлена
ЦВК вырашае, каго дапусціць да ўдзелу ў выбарчай кампаніі
2020.05.19 11:02

Нагадаем, 15 траўня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, фермера Юрыя Ганцэвіча і актывіста Уладзіміра Няпомняшчых. Ініцыятыўным групам блогера Сяргея Ціханоўскага, «суворага турыста» Віталя Зялкоўскага і 8 «кандыдатаў пратэсту» ў рэгістрацыі адмовілі.

Такім чынам, агулам з 37 заявак, якія па стане на дзень 19 траўня разгледзіў ЦВК, камісія ўхваліла толькі 5. Астатнія заяўкі разгледзяць на паседжанні 20 траўня. Сярод іх – заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, былога дырэктара Парку высокіх тэхналогіяў Валера Цапкалы, палітыкаў Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова, Вольгі Кавальковай, Андрэя Дзмітрыева, Ганны Канапацкай, блогера Паўла Спірына.

Hавiны
Удзельнікі праймерыз падалі дакументы ў ЦВК. І заклікаюць не адчыняць дзверы зборшчыкам подпісаў
2020.05.15 18:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў