Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» разважае, каго падтрымаць на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
На пасяджэнні 29 лістапада бюро цэнтральнага камітэту партыі разгледзіць пытанне аб далучэнні да пагаднення 5-ці дэмакратычных сілаў, якія пастанавілі вылучыць адзінага кандыдата, падаюць naviny.by.
Пагадненне падпісалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). Між тым перамовы аб абранні адзінага кандыдата ад апазіцыі вялі сем апазіцыйных структураў: акрамя пяці названых арганізацыяў, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП).
Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні «Справядлівага свету» Валерый Ухналёў, партыя праводзіла анкетаванне сваіх актывістаў, у адпаведнасці з якім 76% апытаных лічаць, што арганізацыя мусіць узяць актыўны ўдзел у кангрэсе дэмакратычных сілаў, на якім плануюць абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі. Не падтрымліваюць такія дзеянні толькі 5% апытаных дзеячаў «Справядлівага свету».
Спадар Ухналёў таксама паведаміў, што каля 60% апытаных чальцоў партыі лічаць, што мусіць быць вылучаны ўласны кандыдат у прэзідэнты, 25% – што арганізацыя можа падтрымаць іншага кандыдата ад дэмакратычных сіл.
«Але гэта не значыць, што мы абавязкова будзем вылучаць свайго кандыдата. Рашэнне будзе прымацца як з улікам членаў партыі, так і зыходзячы з рэальнай сітуацыі ў краіне», – сказаў прадстаўнік партыі.
Актывісты «Справядлівага свету», калі не будзе вылучацца ўласны партыйны кандыдат, схільныя падтрымаць Уладзіміра Някляева ці Анатоля Лябедзьку.
У той жа час спадар Ухналёў падкрэсліў, што «Справядлівы свет» «адкрыты для працы ў супольнасці дэмакратычных сілаў».
Дзяяч пры гэтым заўважыў, што наўрад ці партыя прыме канчатковае рашэнне аб фармаце свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ў гэтым годзе.
«Хутчэй за ўсё, рашэнне будзе прынята вясной наступнага года, калі высветліцца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне, а таксама вырашыцца сітуацыя з адзіным кандыдатам«, – сказаў дзеяч.
МЯ, belsat.eu, паводле naviny.by