Асоба Уладзіміра Даўжэнкі для мяне атаясамліваецца з іншаю зоркаю (як цяпер любяць казаць) Беларускага тэлебачання – Зінаідаю Бандарэнкаю. У пачатку 1990-х яны не ўспрынялі новага кіраўніцтва не толькі краіны, але і самога тэлебачання, ды іх адсунулі ад актыўнай дзейнасці і любімай цягам дзесяцігоддзяў прафесіі. Сёння Уладзімір Даўжэнка прымае карэспандэнтаў «Белсату» ў сябе ўдома і без смутку паведамляе, што ні пра што не шкадуе.
«Я актыўны беспрацоўны пенсіянер, выконваю праграму партыі і ўраду, якая называецца »Тры «Д»: даядаю, даношваю, дажываю. Цяпер і «чэсным», і «нячэсным» журналістам вельмі цяжка. Нікому яны не патрэбныя – у працы, у прафесіі ды ў жыцці. Каму ўжо за 60 – асабліва. Я ў гэтым пераканаўся. Мне 67 гадоў і, як бы гэта ні было сумна, я дажываю. Ужо не хочацца вяртацца да прафесіі, кожнай гародніне свой слоік, і ўжо іншыя часы, іншыя норавы, і мы ўжо чвэрць стагоддзя адчуваем. Гэтыя норавы, дарэчы, наклалі адбітак і на прафесію спартовага журналіста.
«На досвітку туманнага юнацтва спорт не быў так на тэлебачанні развіты, не было Пятага каналу, мы толькі-толькі распачыналі. Што было? Ну, футбол быў, хакей, вось і ўсё, а гэтыя месцы былі занятыя. Таму камусьці штосьці даставалася: Валодзін каментаваў веласпорт, а я ўзяў шашкі, цяжкую атлетыку, парусны спорт, таэкўандо, каратэ, то бок тое, што заставалася.
Нас жа было вельмі мала: Лёня Маляўскі, я, яшчэ пару чалавек, потым прыйшоў Сярожа Новікаў, Валодзя Навіцкі, падключаўся да нас Мікалай Петрапаўлаўскі, царства яму нябеснае, ну, а цяпер такі штат, што не паспяваеш усіх і ўзгадаць… Старажылаў па пальцах можна пералічыць. Адзін Валодзя Навіцкі з лішкам цягне гэты воз і яшчэ будзе гадоў 30 цягнуць – яму гэта лёгка.
Ну, а калі канкрэтна і без жартаў – так, былі ў нас журналісты, якія намагаліся нешта рабіць, якія мелі свой твар, дарэчы. Проста такі час быў: Лукашэнка яшчэ не прыйшоў да ўлады, а калі і прыйшоў, то гэта яшчэ гэтак не вельмі востра адчувалася на грамадстве.
Да таго ж, у спартовым сэнсе, вы памятаеце, не было такіх гучных справаў з допінгам. Мы не ведалі, што такое допінг, у такім маштабе, як цяпер, калі адхіляюць цэлыя каманды. І таму не было магчымасці дзесьці штосьці выказаць не так, то бок у адной канве ўсё было, у сацыялістычным рэалізме, але, праўда, што тут гаварыць, адразу пачаў адрознівацца Валодзя Навіцкі, ён адразу злавіў будучыню сваю і пайшоў, пайшоў, пайшоў. А астатнія – ніхто ў палітыку не ўлазіў, каментаваў. Як Сярожа Новікаў. Я яго заўсёды любіў і цяпер, калі б Сярожа вярнуўся, гэта быў бы клас!
Тэлеклуб «Асілак» – гэта мой, гэтак кажучы, трэйд-марк, мой фірмовы знак, нават ёсць такая прымаўка: «Асілак» – без насілак. Да праграмы я прыйшоў з уласнай ідэі. Цяпер нешта такое ёсць на беларускім тэлебачанні, «Фактар сілы» Пашы Баранава, але гэта іншы фармат, гэта не наўпроставы эфір, у мяне ўсе перадачы практычна былі ў наўпроставым эфіры, і іх было 150 штук, дзесьці, прыкладна, 11 гадоў, без перапынку. Ёсць у мяне і эфіры. Рэч у тым, што калі мяне «пайшлі» з тэлебачання, то ўсе перадачы, усе запісы мае зруйнавалі, усе, і вось у мяне са ста пяцідзесяці праграмаў штук шэсць толькі засталося. Я хацеў недзе выставіць на «YouTube’е», але, здаецца, не атрымаецца. Таму гэта для хатняга карыстання.
Гэта праяўленне цяперашняй палітыкі краіны. Няма адыёзных фігураў, няма талентаў, але вось нейкая местачковасць, шэрасць, памяркоўнасць у спорце – гэта адбіваецца, 25 гадоў навучылі каментатараў і народ прыхіляцца, дзеля кавалка хлеба.
Тут шмат ад чаго залежыць. Я, напрыклад, Дракон і Вадаліў. Я быў дэпутатам Менскага гарсавету ў свой час. Старшынём камісіі па галоснасці, правапарадку і сувязях з грамадскімі арганізацыямі. І мне Рыгор Кісель, былы старшыня тэлебачання, адразу паставіў гэта ў папрок.
Той жа Уладзімір Шпітальнікаў, які, дарэчы, год таму паехаў у Ізраіль на сталае месца жыхарства. Ён Казярог. Ён бы ніколі нідзе не выступіў, хаця быў вельмі разумны чалавек, ён пад сябе жыў. І таму зараз асуджаць, з вышыні пражытых гадоў, я не магу, кожны абірае сваё, але, каб у мяне ўсё пачыналася ад пачатку, не трафарэтна, я б распачынаў так. Бо я не магу супраць сябе ісці, гэта небяспечна. Я заўсёды ўзгадваю такія радкі: «Рабу мілая турма і не патрэбная яму воля. Такая ўжо ў нас парода: і людзі ёсць, але няма народу».
Вось Беларусь у цяперашнім стане: як пяць тысячаў аднойчы выйшла на Плошчу, так больш за пяць і не выходзіць. Свой кавалак хлеба адстаяць. Канечне, каб чалавек жыў 300 гадоў, ён бы 60 гадоў мог быць камуністам, 60 – …істам і гэтак далей. Але Божанька адпісвае ў гэтай краіне, 67 – сярэдняя працягласць жыцця. Дык куды тут рыпацца ўжо? Дый у мяне ўсё дастаткова сціпла.
Хіба што ганаруся «Знакам Пашаны», які за нумарам 55 за развіццё фізічнай культуры і спорту ўручаў яшчэ, нябожчык, міністр спорту Уладзімір Рыжанкоў, першы наш міністр у суверэннай рэспубліцы.
Але я заўсёды ведаў сваё месца ў жыцці. І ніколі дзеля дасягнення сваіх уласных карыслівых мэтаў, праз людзей не пераступаў. Гэтым і ганаруся!
Аляксандр Пуціла