СМІ: Ангола хоча набыць у Беларусі сістэмы СПА за 200 млн долараў


Улады Анголы вядуць перамовы з Беларуссю аб набыцці сістэмаў супрацьпаветранай абароны за 200 мільёнаў долараў. Пра гэта паведаміў «Ежедневник» са спасылкай на ангольскія СМІ, інфармацыю таксама пацвердзіла крыніца TUT.BY, знаёмая з ходам перамоваў.

Згодна з дакументам, падпісаным прэзідэнтам Анголы Жуанам Лурэнсу месяц таму, здзелка неабходная, каб «гарантаваць працу і функцыянаванне сістэмы супрацьпаветранай абароны вялікіх гарадоў і стратэгічных эканамічных аб’ектаў краіны».

У дакуменце таксама гаворыцца аб пагадненні паміж Рэспублікай Ангола і Банкам развіцця Беларусі на фінансаванне «набыцця абсталявання і іншых тавараў спецыяльнага прызначэння» ангольскімі ўзброенымі сіламі. Акрамя таго, удзельнікі здзелкі – прыватная беларуская кампанія «Тэтраэдр» і экспартная страхавая кампанія «Белэксімгарант». Паводле крыніцы, кантракт яшчэ не падпісаны, ён «яшчэ ў працэсе». Што датычыць умоваў фінансавання, то Беларусь прадстаўляе экспартнае крэдытаванне «не на ўсю [агучаную] суму».

Ангола мае адно з найбуйнейшых войскаў у Афрыцы, якое агулам налічвае больш за 100 тысяч вайскоўцаў. Урад Анголы прадугледжвае ў бюджэце на 2019 г. вылучэнне 1,65 мільярда еўраў для абароннага сектара, што эквівалентна 5,16% усіх дзяржаўных расходаў, запланаваных на гэты год.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў