«Слугу народа» стала нельга паглядзець на «YouTube»


Паглядзець украінскі серыял «Слуга народа» на «YouTube» будзе немагчыма да поўнага ўрэгулявання юрыдычных пытанняў.

Доступ да ўсіх серыяў папулярнага фільму закрыты на платформе з тэрыторыі кожнай краіны – у тым ліку ў Беларусі.

Прадстаўнік студыі «Квартал 95», якая стварыла фільм, Сяргей Пушкін у размове з «Бі-бі-сі» заявіў, што серыял стане даступны ізноў, як толькі студыя ўрэгулююць юрыдычныя пытанні.

«Спадзяемся, што гэта хутка вырашыцца», – сказаў ён.

Якія менавіта юрыдычныя пытанні трэба ўрэгуляваць, Пушкін не ўдакладніў.

Прэм’ера «Слугі народа» адбылася ў лістападзе 2015 года. Паводле сюжэту, школьны настаўнік гісторыі Васіль Галабародзька нечакана для сябе становіцца прэзідэнтам Украіны. На працягу двух сезонаў ён спрабуе змагацца з карупцыяй і алігархамі. На канале «Квартал 95» на «YouTube» серыял паглядзелі 98 мільёнаў чалавек.

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах выканаўца галоўнай ролі, Уладзімір Зяленскі, перамог Пятра Парашэнку, набраўшы ў другім туры 73,22% галасоў. Падчас інаўгурацыі, якая прайшла на гэтым тыдні, Зяленскі прыйшоў у Вярхоўную раду пешшу – практычна як ягоны персанаж з серыялу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў