Галоўныя словы года

Стась
Карпаў
Паэт, дызайнер

«Белсат» папрасіў мяне напісаць слоўнік 2020 года. І я пагадзіўся.

Словы года. Я мушу напісаць пра словы года.

У алфавітным парадку.

Перагартаць нашае жыццё апошніх месяцаў, прыпомніць кожную падзею, пераадчуць адчутае.

Скласці кароткі слоўнік.

Марш партызанаў у Менску. 18 кастрычніка 2020 году. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Пратэсты, каронавірус. Каронавірус, пратэсты.

Слоўніку не будзе.

Згадваючы «пазамінулы дзень», мне падаецца, нібыта я бесклапотна заспеў гэта ўсё ў мінулым жыцці, ведаючы, што мне гарантавана новае.

Калі першы раз прагучала «забіты», я не думаў, што мне прыйдзецца знаходзіць гэтаму слову месца ў доўгім спісе.

І я не ведаў, наколькі вялікае месца пад смерць мне прыйдзецца выдзеліць у сваёй памяці.

А памяць ніколі не была маім найлепшым саюзнікам.

Слоўніку не будзе.

Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім на ст. м. Пушкінская. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 году. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Не будзе нават не праз кепскую памяць: я памятаю «са-бач-ку», я памятаю трактары і козачак, памятаю пра «я-мы», памятаю «выходжу», памятаю «пераменаў», памятаю «муры». Пратэсты, рэпрэсіі, забойствы і імёны забітых. Імёны – гэта таксама словы, але слоўніку не будзе.

І я вам раскажу, чаму.

Да таго як было слова, мы маўчалі.

І паколькі мы маўчалі, то мелі занадта шмат вольнага часу для падазрэнняў.

Мы падазравалі адзін аднаго ў тым, што мы чужыя. Што нам напляваць адзін на аднаго.

Падазравалі ў баязлівасці. Падазравалі ў абыякавасці. Падазравалі ў тым, што мы не народ і ніколі не будзем народам.

Мы лічылі, што «беларусы» – гэта назва няспраўджаным спадзевам.

І я не ведаю, у які момант – я не магу вылучыць тую секунду, калі нешта пачало мяняцца, – але словы знайшліся.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня 2020 году. Mенск, Беларусь. Фота: АВ / Vot Tak TV/ Белсат

І мы пачалі гаварыць адзін з адным. Прызнавацца адзін аднаму ў любові. Спачуваць і падбадзёрваць. Называць герояў героямі.

Аплакваць.

Такім чынам, калі з’явілася слова, гэтае слова было «мы». І яно дало пачатак усяму.

Пасля слова «мы» нам спатрэбіліся і ўсе астатнія словы. Усе словы, якіх мы не казалі адзін аднаму ад самага нараджэння. Усе словы, якія мы заслужвалі, якіх так хацелі, на якія спадзяваліся і якіх шкадавалі для іншых.

Усе словы, якія ёсць і якіх пакуль няма.

Але яны будуць.

Новыя словы.

Цяпер беларусы зноў замаўкаюць. Я бачу, як яны паступова замыкаюцца ўнутры сябе, на хвіліну паверыўшы ў тое, што прайгралі.

Мільёны маўклівых людзей зноў пачынаюць жыць са сваім горам і ўсё менш і менш пэўнымі ўспамінамі «пазаўчорашняга дня».

Але вы не прайгралі. Вы знайшлі адзін аднаго, вы не здрадзілі адзін аднаму. Вы былі разам ува ўсе гэтыя светлыя, але такія горкія часы.

Адзінае, чаго ў вас не адняць, – гэта блізкасць.

Мірны пратэст на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 году. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

І таму я прашу вас.

2020 год стаў годам словаў. Не нейкіх, а ўсіх.

І толькі словы дапамогуць нам у 2021-м і ўва ўсіх наступных гадах.

Гаварыце адзін з адным. Гаварыце з незнаёмымі людзьмі. Гэта тыя ж самыя людзі, якіх вы нядаўна ўсім сэрцам палюбілі.

Ім цяжка без вас.

Ім будзе лягчэй з вамі.

З вамі і з усімі тымі словамі, якія ў нас для нас ёсць.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў