29 -гадовага праграміста абвінавачваюць ва ўсталяванні на кампʼютары кліентаў фірмы, у якой ён працаваў, шпіёнскіх праграмаў.
«Упраўленне Следчага камітэту па Менску па матэрыялах упраўлення «К» ГУУС Менгарвыканкаму расследуе крымінальную справу ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Беларусі ў дачыненні да работніка адной са сталічных фірмаў», паведамляе прэс-служба СК.
У траўні 2016 года, 26-гадовая жыхарка сталіцы заўважыла, што нехта ўваходзіць на ейны акаунт у сацыяльнай сетцы «УКантакце», рэдагуе інфармацыю ды праглядае перапіску. Дзяўчына вырашыла звярнулася ў міліцыю.
Пасля кампʼютэрна-тэхнічнай экспертызы і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў следчыя знайшлі 29-гадовага ўраджэнца Берасцейшчыны, які ўсталяваў вірусныя праграмы на камп’ютар пацярпелай.
Падчас ператрусу ў падазраванага знайшлі файлы з асабістымі дадзенымі іншых грамадзянаў: паролі да «Webmoney», пластыкавых банкаўскіх картаў ды асабістых кабінетаў інтэрнэт-банкінгу.
ЮВ, belsat.eu