Скончыўся суд над падлеткам, які хацеў забіць бацьку


Дзмітрый і Сямён Цімашковы. Фота з ЖЖ Дзмітрыя Цімашкова

17 студзеня Сямёна Цімашкова прызналі вінаватым у замаху на забойства бацькі, падае «Камсамольская праўда».

Суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў 14-гадовага Сямёна Цімашкова да шасці гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Такі тэрмін напярэдадні прасіў прызначыць абвінавачанаму пракурор.

Дзмітрый Цімашкоў, якога ў верасні 2018 года сын шэсць разоў ударыў нажом у спіну, збіраецца падаваць апеляцыю.

«Я бачыў шмат парушэнняў і ў працэсе суда, і ў працэсе следства. Я думаю, што мы даможамся перагляду гэтай справы, перакваліфікацыі па іншым артыкуле», – заявіў пасля суду Дзмітрый Цімашкоў.

Працэс быў закрытым, журналістаў на яго не пускалі.

Пра справу і суд стала вядома з блогу Цімашкова.

«Шэсць удараў нажом у спіну, тры злева, тры справа, адзін з іх амаль у хрыбет, яшчэ адзін з іх у лёгкае, два з іх літаральна на сантыметр вышэй дыяфрагмы, і гэта шчасце, інакш песня была б яшчэ больш сумнай, і, нарэшце, два ўдары менш значных, таму што прыйшліся ў рэбры. Нож – папулярнай паляўнічай мадэлі «Паўднёвы крыж»», – пісаў Цімашкоў.

Пазней мужчына не раз каментаваў сітуацыю журналістам, распавядаў, што сітуацыю ў сям’і можна было назваць напружанай.

Паводле Дзмітрыя Цімашкова, ён шмат увагі надаваў рэабілітацыі дачкі, у якой цяжкая форма ДЦП, на сына заставалася менш часу, але дачыненні з ім былі нармальныя. Маці Цімашковых жыве асобна.

Пакуль ішоў працэс, Дзмітрый Цімашкоў выдаў кнігу «6 удараў нажом у спіну, або Гісторыя пра тое, ці можна вызваліць дзіця з абдымкаў Сатаны і ўратавацца самому». Аўтар сцвярджае, што героі кнігі толькі падобныя да сапраўдных, а рэальныя падзеі пераплятаюцца з выдуманымі. Фота з ЖЖ Дзмітрыя Цімашкова.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

ДД/Belsat.eu

Стужка навінаў