Скарачэнне прыбыткаў, роспач і эміграцыя. Як памежныя раёны рэагуюць на закрыццё мяжы


Абмежаванні на выезд з Беларусі з 21 снежня цяпер актыўна абмяркоўваюцца жыхарамі ў памежных рэгіёнах. Многія ў роспачы разводзяць рукамі і кажуць, што не ведаюць, як будуць далей, паколькі памежны бізнес для іх быў адзінай крыніцай існавання. Іншыя пераязджаюць за мяжу, прадаюць тут маёмасць і вывозяць свае сем’і. «Белсат» паразмаўляў з жыхарамі Берасця і Горадні.

Афіцыйна закрыццё наземных межаў на выезд павінна перашкодзіць распаўсюду каронавірусу. Але эксперты мяркуюць, што насамрэч прычыны – палітычныя.

Гэтак Валер Карбалевіч выказаў меркаванне, што такая захада зʼяўляецца помстай тым, хто эмігруе з Беларусі праз палітычны пераслед. З эканамічнага пункту гледжання, гэта таксама магчымасць закрыць выезд для працаўнікоў IT-сферы і бізнесоўцаў. І дадаткова, перакрыць шлях адыходу для сілавікоў і чыноўнікаў, што вырашылі звольніцца.

Беларуска-польская мяжа.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Выязджаць з краіны змогуць дыпламаты, кіроўцы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі. Таксама прычынаю выезду можа быць цяжкая хвароба або смерць блізкага сваяка, атрыманне медычнае дапамогі. На працу, вучобу або з відам на жыхарства ў іншай краіне можна выязджаць адзін раз на 6 месяцаў.

«Любым транспартам я магу перасякаць мяжу. У мяне кантракт з польскай фірмай і працоўная віза, таму ніякіх перашкодаў няма. Беларусы, якія працуюць і ў Прыбалтыцы, таксама абмежаванняў пры перасячэнні мяжы на грузавіках не маюць», – распавёў «Белсату» Дзмітрый, жыхар Менску, які працуе кіроўцам-міжнароднікам у Польшчы.

Аб’ектыў
Беларусь зачыняе межы на выезд. З-за эпідэміі ці прычыны ўсё ж палітычныя?
2020.12.10 21:57

Іншая справа, калі мяжу кіроўцы-міжнароднікі будуць перасякаць мяжу на наземным грамадскім альбо асабістым транспарце. У такім выпадку выехаць з Беларусі на працу яны змогуць адзін раз на шэсць месяцаў.

У Берасці ўладальнікі карты паляка з семʼямі пераязджаюць у Польшчу

Жыхар Берасця Анатоль распавёў «Белсату», што ягоныя знаёмыя цяпер імкнуцца зʼехаць з Беларусі. Пастанова аб забароне перакрочвання мяжы стала апошняй кропляй.

«У мяне практычна ўсе знаёмыя, якія маюць карту паляка, цяпер прадаюць у Берасці маёмасць і спяшаюцца пераехаць на сталае месца жыхарства ў Польшчу. Робяць сабе від на жыхарства і не хочуць вяртацца ў Беларусь. Асабліва гэта характэрна для маладых хлопцаў, выязджаюць сем’ямі. А з картай паляка людзі маюць магчымасць атрымаць хутка карту побыту, ці нават і грамадзянства Польшчы. А я сам не ведаю, што рабіць далей буду. Каб быў малады, дык з’ехаў бы адсюль, а ў маім узросце складана нешта змяняць», – распавёў «Белсату» Анатоль, жыхар Берасця.

Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Мужчына кажа, што апошнія гады жыў выключна дзякуючы памежнаму гандлю і нідзе не працаваў афіцыйна. Але праз абмежаванні апынуўся ў складанай сітуацыі.

«Я прадаў нядаўна сваю машыну, бо ў мяне было дзве. Таму нешта маю каб пражыць на некаторы час. А ў цэлым усё вельмі складана. Я 20 гадоў нідзе не працую – жыву за кошт мяжы. І вось з лютага мяжу зачынілі, і я апынуўся без сродкаў для існавання. Выратоўвае толькі тое, што былі ашчаджэнні, продаж машыны, здаў металалому на 1000 рублёў», – прызнаецца Анатоль.

Меркаванні
«Каронавірусная заслона»
2020.12.12 15:35

Цяпер ад памежнага гандлю засталіся толькі ўспаміны. Мытнікі не даюць дазволу на тое, каб правесці які-кольвек тавар з Польшчы. Хаця робяць некаторыя выключэнні, якімі карыстаюцца жыхары памежнага гораду.

«Цяпер на мяжы складана. Людзі, якія хоць нешта вязуць з Польшчы, на патрабаванні мытнікаў мусяць выкідваць усе тавары. Ведаю, што некаторым удаецца правезці тавары з Нямеччыны. Трэба толькі паказваць квіткі, што набылі тавары ў гэтай краіне», – распавёў жыхар Берасця.

«Няма на што спадзявацца, варыянтаў зарабіць проста няма»

Жыхары іншага вялікага памежнага гораду – Горадні, якія выжывалі з памежнага бізнесу, кажуць, што пакуль не бачаць ніякай альтэрнатывы сваёй ранейшай дзейнасці. Уладкавацца на працу ў Беларусі не зʼяўляецца для іх вырашэннем сітуацыі.

Фота: Уладзімір Смірноў / TASS / Forum

«Бесперспектыўна, няма на што спадзявацца, варыянтаў зарабіць проста няма. Людзі праядаюць свае зберажэнні, якія назапасілі раней. А ўладкоўвацца тут на працу за мізэрны заробак – то проста лепей піць, гэта будзе танней», – у роспачы распавёў «Белсату» Аляксей, жыхар Горадні.

Hавiны
Грамадзянаў Беларусі прапускаюць праз заходнія межы, іншыя пад абмежаваннямі
2020.10.30 09:36

Катастрофа для пасажыраперавознікаў

Бізнесоўца з Горадні Мікалай Маркевіч каля дзесяці гадоў займаецца пасажыраперавозкамі праз мяжу. З Горадні ў Беласток курсуюць аўтобусы ягонай фірмы. Але цяпер пасажыраў няма.

«Перспектывы сёння вельмі цьмяныя. Невядома, што будзе з кавідам і палітычнай сітуацыяй. Сёння я ляжу на лапатках, не на каленях, не ў іншай пазіцыі, а проста на лапатках. Мяжа зачыненая, пасажырапатоку няма і вельмі цьмяна бачыцца будучыня. За дзень збіраецца адзін-два пасажыры, а гэта катастрофа для пасажыраперавознікаў. Да таго ж і неабачлівыя заявы існага кіраўніцтва прывялі да таго, што людзі перасталі ездзіць. Тыя, хто цяпер у Польшчы, не хочуць вяртацца, бо баяцца, што не змогуць выехаць з Беларусі. Гэта замкнёнае кола. Спадзяюся, што ў сакавіку ці на пачатку красавіка нешта зменіцца ў плане кавіду», – распавёў «Белсату» Мікалай Маркевіч.

Абмежаванні для выезду з Беларусі праз мяжу могуць прывесці да падзення прыбыткаў і ўзроўню жыцця многіх беларусаў, кажа эканаміст Леанід Заіка.

«Гэта проста агонія існай улады, бо прымаюцца рашэнні, якія не ўзгадняюцца з здаровым сэнсам. Абмежаванні на выезд людзей абумоўленыя толькі адным – у краіне ствараецца лагер з калючым дротам, і гэта выклікае пытанні ў суседніх краінах і ў міжнароднай супольнасці. А самыя людзі не змогуць займацца сваімі традыцыйнымі справамі, працаваць, набываць за мяжой тавары, сустракацца з роднымі. Гэта парушэнне звыклага ладу жыцця. У людзей істотна зменшацца прыбыткі адпаведна», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Hавiны
Польшча запрашае лекараў з Беларусі і Украіны
2020.10.23 14:15

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў