Крадзяжы грошай з картак выраслі на 111 %. СК распавёў, як абараніцца ад махляроў


Следчы камітэт.
Фота: sk.gov.by

Следчы камітэт Беларусі паведамляе пра рост колькасці злачынстваў, звязаных з крадзяжамі грошай грамадзянаў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі.

Гэтак, чалавеку можа патэлефанаваць незнаёмы, які прадстаўляецца работнікам аднаго з банкаў. Удакладняе, ці не праводзіў уладальнік карткі транзакцыю на буйную суму грошай (або кажа аб тым, што хтосьці спрабуе зняць грошы з карткі). Атрымаўшы адказ, махляр паведамляе, што для адмены транзакцыі трэба сказаць код, які прыйдзе ў SMS на тэлефон уладальніка рахунку.

Інфаграфіка sk.gov.by

Даверлівыя грамадзяне паведамляюць гэтую інфармацыю, а пасля выяўляюць адсутнасць грошай на рахунку. Пры гэтым ашуканцы могуць ісці на любыя хітрыкі.

У «Аднакласніках» пенсіянеры атрымліваюць паведамленні ад сваіх нібыта знаёмых, акаўнты якіх узламалі зламыснікі. У паведамленнях гаворыцца, што адзін з банкаў Беларусі ў сувязі з юбілеем дорыць сваім кліентам залічэнні грошай. «Сябар» сцвярджае, што ўжо атрымаў грошы і прапануе дапамагчы. Для гэтага яму патрэбная інфармацыя пра картку. Пасля адбываецца крадзеж.

У сувязі з гэтым Следчы камітэт раіць нікому не паведамляць звесткі сваёй карткі, бо ў працаўнікоў банку яны і так ёсць.

Акрамя таго, СК для выхаду ў інтэрнэт раіць выкарыстоўваць прылады з антывіруснымі праграмамі і аперацыйную сістэму з усталяванымі абнаўленнямі бяспекі. Пры выкарыстанні вядомых сайтаў, варта звяртаць увагу на іх выгляд, каб не патрапіць на падробленыя копіі.

Уводзіць асабістую інфармацыю варта толькі на сайтах, якія працуюць з выкарыстаннем абароненых пратаколаў. Нельга ўжываць аднолькавыя лагіны і паролі на розных сайтах, а таксама занадта простыя паролі або тыя, якія змяшчаюць даты нараджэння, нумары тэлефонаў і г.д. Па магчымасці варта выкарыстоўваць двухфакторную аўтэнтыфікацыю.

СК раіць асцерагацца нечаканых або незвычайных электронных паведамленняў, нават ад знаёмых, ніколі не адкрываць укладанні і не пераходзіць па спасылках у такіх паведамленнях.

Hавiны
Вашыя грошы з карткі можа скрасці… прадавачка (+ парады, як зберагчыся ад злодзея)
2014.12.04 02:01

Трэба з асцярожнасцю ставіцца да лістоў, у якіх запытваюцца дадзеныя рахункаў і не адпраўляць фінансавую інфармацыю па неабароненых інтэрнэт-каналах.

Атрымаўшы паведамленні ад знаёмых, якія заахвочваюць да фінансавых транзакцыяў або перадачы фінансавых рэквізітаў, трэба праверыць гэтую інфармацыю падчас асабістай сустрэчы ці тэлефоннага званка, або задаўшы кантрольныя пытанні, адказы на якія не могуць ведаць трэція асобы.

Калі вы не карыстаецеся банкаўскай карткай для інтэрнэт-плацяжоў, варта папрасіць банк абмежаваць гэтую паслугу. Падчас інтэрнэт-плацяжоў па магчымасці трэба ўжываць тэхналогіі забеспячэння дадатковай бяспекі плацяжоў, такія як 3-D Secure або інтэрнэт-пароль.

Нельга нікому паведамляць коды пацверджання аперацыяў, якія прыходзяць ад банкаў па SMS.

СК просіць распавядаць пра новыя спосабы супрацьпраўных дзеянняў сваякам, а ў выпадку здзяйснення злачынства неадкладна звяртацца ў міліцыю.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў