СК распавёў пра яшчэ дзве крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў


Завершана следства яшчэ па двух крымінальных справах, распачатых у сувязі з пратэстамі ў Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Следчага камітэту.

У Менску перададзена пракурору для накіравання ў суд крымінальная справа супраць 34-гадовага мужчыны, якому выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з ужываннем гвалту).

Падставай для пераследу стаў інцыдэнт, які адбыўся падчас Маршу герояў 13 верасня на вуліцы Мельнікайтэ. Паводле СК, пры затрыманні «невядомыя аказалі актыўны супраціў» міліцыянту – «утрымлівалі яго за форменнае абмундзіраванне, павалілі на зямлю і нанеслі ўдары па розных частках цела». Адзін з іх, 34-гадовы мянчук, быў затрыманы і змешчаны пад варту.

У Баранавічах завершана расследаванне крымінальнай справы супраць 25-гадовага мужчыны, якога вінавацяць у тым, што ён здзейсніў наезд аўтамабілем на міліцыянта. Здарэнне адбылося 10 жніўня па вуліцы Царука гораду Баранавічы. Мужчыны выстаўлена абвінавачванне паводле арт.364 (ужыванне гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. У дачыненні яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

Відэа наезду раней публікаваў МУС. На кадрах бачна, што некалькі сілавікоў у шлемах спрабуюць перакрыць рух машыне, але кіроўца ўсё роўна з’язджае зачапіўшы аднаго з міліцыянтаў – той фактычна праехаўся па капоце аўтамабіля. Як адзначалася ў прэс-рэлізе МУС, «дзякуючы сродкам індывідуальнай абароны міліцыянт траўмаў не атрымаў».

Нагадаем, што падчас падзеяў 9-12 жніўня сілавікі неаднаразова нападалі на аўтамабілістаў: білі шкло, выцягвалі адтуль людзей і моцна збівалі. Такія выпадкі паўтараліся і ў наступныя месяцы.

Hавiны
«Яны білі мяне як мяса». Напалі на машыну, катавалі, зрабілі фігурантам крымінальнай справы
2020.08.19 15:59

Агулам за апошнія шэсць месяцаў у Беларусі было распачата больш за 900 крымінальных справаў супраць пратэстоўцаў, удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі і актывістаў іх штабаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў