СК адмовіўся вызваліць журналістку Кацярыну Андрэеву пад парукі Андрэя Бастунца і вядомых журналістаў


Следчы камітэт адмовіў у задавальненні хадайніцтваў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, галоўных рэдактараў газеты «Новы Час» Аксаны Колб, газеты «Народная Воля» Іосіфа Сярэдзіча, журналіста Валерыя Каліноўскага аб вызваленні журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) пад асабістую паруку. Пра гэта паведаміў БАЖ.

Кацярына Андрэева.
Фота: Catarina Andreeva / Facebook

Старэйшы следчы Фрунзенскага раённага аддзелу Следчага камітэту І. Курыловіч у сваёй пастанове, якая была дасланая заяўнікам, называе хадайніцтвы неабгрунтаванымі, таму яны не могуць быць задаволеныя.

«Падчас папярэдняга расследавання сабраныя вычарпальныя доказы ў дастатковым аб’ёме, якія паказваюць на здзяйсненне Бахвалавай К. А. злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь. Да абвінавачванай Бахвалавай К. А. законна і абгрунтавана ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, падставаў для адмены яе няма», – гаворыцца ў адказе.

Раней падобную адмову СК даслаў на хадайніцтвы аб вызваленні Дарʼі Чульцовай. Следчы таксама назваў хадайніцтвы неабгрунтаванымі і нематываванымі. Таксама было тлумачэнне, што ў выпадку вызвалення Дар’я Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.

Журналісткі Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля стрыму з разгону сілавікамі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Аб’ектыў
Журналісты «Белсату» адседзелі больш за 400 дзён
2020.12.22 22:52

AB, belsat.eu

Стужка навінаў