Што вядома пра фігурантаў «справы 14 ліпеня» і ці прызнаюць іх палітвязнямі?


Belsat.eu распавядае пра крымінальную справу, распачатую з нагоды пратэстаў і масавых затрыманняў 14 ліпеня.

У чым сутнасць справы «14 ліпеня»?

Акцыя ў Менску 14 ліпеня.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

14 ліпеня ЦВК адмовіўся рэгістраваць у якасці кандыдатаў на прэзідэнта Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У тэлеграм-каналах пасля гэтага з’явіліся заклікі а 19-й выходзіць на галоўныя вуліцы беларускіх гарадоў, каб выказаць пратэст супраць дзеянняў улады. У адказ сілавікі часткова перакрылі рух у цэнтры Менску і распачалі масавыя адвольныя затрыманні людзей, што былі ў той час на вуліцах. Толькі ў Менску былі затрыманыя больш за 300 чалавек.

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/1259258954466175/?v=1259258954466175

У некаторых кропках гораду жорсткія дзеянні міліцыі выклікалі супраціў з боку людзей, адбыліся сутычкі з АМАПаўцамі. МУС сцвярджае: 6 міліцыянтаў атрымалі пашкоджанні, чатыры з іх былі шпіталізаваныя.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваёй заяве адзначыла, што празмернае выкарыстанне сілы міліцыяй выклікала «бурную рэакцыю з боку некаторых пратэстоўцаў», аднак мітынгі ўсё роўна заставаліся ў асноўным мірнымі. Паводле праваабаронцаў, «любы, хто затрыманы проста за мірныя пратэсты ў Менску або іншых гарадах, з’яўляецца вязнем сумлення і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены».

Фота: ТК / Belsat.eu

«У Менску 14 ліпеня адбывалася бязмежжа. Правакатары, якія сядзяць у Варшаве і Кіеве, вывелі нешматлікі, але агрэсіўны натоўп на вуліцы беларускай сталіцы», – паведамлялася на старонцы МУС у Facebook на наступны дзень. З нагоды падзеяў 14 ліпеня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 363 (супраціў працаўнікам органаў унутраных справаў) і арт.364 (гвалт у дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў) КК. Паведамлялася пра затрыманне чатырох чалавек. Паводле праваабаронцаў, іх імёны – Антон Шумаў, Уладзіслаў Усцін, Уладзімір Хамічкоў і Антон Валавік.

Абноўлена
Вынікі НЕрэгістрацыі кандыдатаў: людзі выйшлі пратэставаць. Падчас стрыму затрыманыя журналісты «Белсату»
2020.07.14 19:22

На допыт у СК у якасці сведкі ў тым ліку выклікалі карэспандэнтку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, якая падчас пратэстаў 14 ліпеня вяла стрым і была затрыманая ў наўпроставым эфіры.

«Мне сказала следчая, якая мяне дапытвала, што апытаць у межах гэтай справы як сведкаў трэба больш за 450 чалавек. І я адна з іх. Яна сказала, што над гэтай справай цяпер працуюць усе следчыя, нават тыя, хто ў аддзеле аналітыкі. Усе следчыя падцягнутыя да расследавання гэтай справы», – распавяла Кацярына Андрэева.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у якасці сведак дапытваліся затрыманыя і асуджаныя па адміністратыўных артыкулах за падзеі 14 ліпеня. У некаторых сведкаў забіраюць тэлефоны.

Уладзімір Хамічкоў

Уладзімір Хамячкоў. Фота са старонкі VK

20-гадовага менчука Уладзіміра Хамічкова вінавацяць паводле артыкулу 342 КК. Пасля школы хлопец год адвучыўся ў БДТУ і перайшоў у МІУ на факультет камунікацыі, эканомікі і права. Скончыў першы курс. Аднакурснікі выказваюцца пра яго добра, кажуць, што «з ім у стасунках не было праблемаў».

«Ён заўсёды цікавіўся палітыкай і любіў падыскутаваць на гэтую тэму з усімі. Шмат у нас у групе праз гэта спрэчак было. Наконт затрымання я наагул нічога не ведала. Але не дзіўна, што ва ўсім гэтым ён прымаў удзел», – адзначыла ў размове з belsat.eu ягоная аднагрупніца Элліна.

Пра зацікаўленасць Хамічкова палітыкай кажуць і іншыя ягоныя знаёмыя. Паводле іх, хлопец вельмі часта крытычна выказваўся наконт сітуацыі ў Беларусі, казаў «як усё кепска ў краіне».

Праз затрыманні 14 ліпеня ў Менску прайшлі больш за 300 асобаў.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

Але не да канца зразумела, ці ўдзельнічаў ён мэтанакіравана ў пратэстах 14 ліпеня або трапіў у гушчу падзеяў выпадкова. Знаёмыя Уладзіміра кажуць, што ён неаднаразова выказваўся супраць акцыяў пратэсту, бо лічыў іх бессэнсоўнымі.

«Трохі нават здзіўлены быў, калі ўбачыў яго ў спісах затрыманых, улічваючы, што ён казаў, пра мітынгі, што яны нічога не вырашаюць», – кажа ягоны аднагрупнік Мікіта.

Пра намер удзельнічаць у пратэстах 14 ліпеня ніхто з ягоных знаёмых не чуў.

«Адзінае, што ён сказаў у той дзень: «ісці на пратэст недарэчна ў нашай краіне». Пасля чаго я даведаўся, што ён затрыманы», – кажа аднагрупнік Яўген.

Каму з кандыдатаў на выбарах сімпатызаваў Хамічкоў і ці ўдзельнічаў ён у вулічных акцыях раней – невядома.

Людзі пляскаюць у далоні на праспекце Незалежнасці, 14 ліпеня.
Фота: ТК / Belsat.eu

Антон Шумаў

Антон Шумаў. Фота twitter.com/PerezBY

31-гадовы Антон Шумаў быў адным з першых затрыманых па крымінальнай справе аб падзеях 14 ліпеня. Ён быў удзельнікам сутычкі з АМАПам у рэстарацыі KFC на Нямізе. На кадрах, якія апублікаваў Следчы камітэт, бачна, як Антон спрабуе кідацца да групы амапаўцаў, калі тыя жорстка затрымліваюць людзей унутры KFC.

Паводле праваабаронцаў, 15 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў яго па артыкулах 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) на 35 базавых велічыняў (Br 945). Аднак яго не выпусцілі на волю. У той жа дзень у Шумава дома быў праведзены ператрус. Стала вядома, што яму інкрымінуюць частку 1 артыкула 342, а потым і артыкул 364 Крымінальнага кодэкса. Была абраная мера стрымання – заключэнне пад варту.

18 ліпеня Шумава перавялі ў СІЗА №1 у Менску. Як распавяла праваабаронцам ягоная сястра Святлана, ён ужо даслаў ліст сваёй сям’і, дзе піша, што «Валадарка – найлепшае месца, у якім ён быў з моманту затрымання».

14 ліпеня, KFC на Нямізе.
Фота: ТК / Belsat.eu

Нявеста Шумава Надзея распавяла «Еўрарадыё», што Антон апынуўся ў гушчы падзеяў выпадкова.

«Гэта проста вельмі добры і вясёлы чалавек. Наколькі я ведаю, у яго не было нейкай суперпалітычнай пазіцыі. Мы проста ішлі – ён зайшоў у прыбіральню [у KFC. – Belsat.eu]», – распавяла яна.

Моманту затрымання Антона дзяўчына не бачыла – сама ў гэты момант знаходзілася ў прыбіральні.

Надзея таксама распавяла «Еўрарадыё», што Шумаў летась праходзіў лячэнне: у яго біпалярнае расстройства. Людзі, якія пакутуюць на гэтае расстройства, схільныя да афектыўных станаў і радыкальных ваганняў настрою.

Уладзіслаў Усцін і Антон Валавік

Уладзіслаў Усцін. Фота з Facebook

Мянчук Уладзіслаў Усцін быў затрыманы 16 ліпеня ў свой 21-ы дзень народзінаў. Яму інкрымінуюць арт. 364 КК.

Як распавяла ПЦ «Вясна» маці Уладзіслава Наталля, першы раз яе сына затрымалі 14 ліпеня каля плошчы Перамогі з боку музею «Дом РСДРП». У той вечар малады чалавек вяртаўся дадому пасля сустрэчы наконт працаўладкаванні. Яму давялося ісці пешшу, бо станцыю метро «Кастрычніцкая» тады закрылі сілавікі.

«Яго скруцілі, кінулі ў аўтазак, дзе яго збівалі», – паведаміла Наталля.

Раніцай 15 ліпеня, а 5:15, яго вызвалілі з аднаго з менскіх РУУС без складання пратаколу. Аднак на наступны дзень, 16 ліпеня, Уладзіслаў быў затрыманы на сваёй працы (ён працуе кухарам) людзьмі ў цывільным. Маці даведалася пра затрыманне ад калегаў хлопца па працы.

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1. Сваякі і сябры пакуль адмаўляюцца гутарыць з прэсай, бо баяцца нашкодзіць Уладзіславу.

14 ліпеня на Нямізе.
Фота: ТК / Belsat.eu

21 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы і мянчук Антон Валавік. Яму інкрымінуюць арт. 342 і арт 364 КК. Пакуль ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Ніякай інфармацыі пра Валавіка мы знайсці не змаглі, сваякі на сувязь з прэсай не выходзяць.

ПЦ «Вясна» мае звесткі, што па «справе 14 ліпеня» затрыманыя яшчэ мінімум чатыры чалавекі, але іх імёны не паведамляюцца.

Што кажуць праваабаронцы?

Хваля пратэсту кляскае ў далоні ў Менску.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

Фігуранты «справы 14 ліпеня» пакуль не былі прызнаныя палітвязнямі. Як кажа намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, на дадзены момант праваабаронцам бракуе інфармацыі наконт сутнасці абвінавачванняў.

«Імавернасць таго, што іх прызнаюць палітвязнямі, ёсць. Але пакуль што сітуацыя не зусім ясная. Не ўсе родныя згодныя на абнародаванне інфармацыі, а адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў следства. Гэта ўсё ўскладняе збор інфармацыі. Але пазіцыя праваабаронцаў, думаю, будзе аналагічнай, як і па «справе Ціханоўскага». То бок тых, хто будзе абвінавачаны толькі па артыкуле 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), мы будзе прызнаваць палітычнымі зняволенымі. Што датычна абвінавачванняў па арт. 364 і 363 КК, то мы бачылі розныя дзеянні дэманстрантаў, кожная сітуацыя была індывідуальная. Таму тут будзем разбірацца з кожным канкрэтным выпадкам», – распавёў праваабаронца ў каментары Belsat.eu.

АМАП на Нямізе, 14 ліпеня.
Фота: ТК / Belsat.eu

Паводле Стэфановіча, звычайна праваабаронцы не прызнаюць палітвязнямі людзей, якія былі датычныя да гвалтоўных дзеянняў. Аднак крытэры праваабарончай супольнасці, паводле якіх надаецца статус палітычнага зняволеннага, маюць некалькі агаворак. У прыватнасці, калі гвалт меў форму самаабароны або абароны іншага чалавека ад непрапарцыйных гвалтоўных дзеянняў, то такія асобы могуць прызнавацца палітвязнямі.

Пратэсты на Нямізе, 14 ліпеня.
Фота: ТК / Belsat.eu

Праваабаронца падкрэслівае, што акцыі 14 ліпеня былі мірнымі.

«Што рабілі дэманстранты? Яны пляскалі ў далоні, стаялі на ходніках і не здзяйснялі дзеянняў, якія б уяўлялі пагрозы грамадскай бяспекі. Як раз непрапарцыйныя дзеянні міліцыі і справакавалі ў шэрагу выпадкаў канфлікты з грамадзянамі і ўжыванне фізічнай сілы ў дачыненні міліцыі», – кажа Стэфановіч.

Hавiны
ГУУС Менгарвыканкаму: пратэстоўцы пад выглядам пешаходаў перашкаджалі руху транспарту
2020.07.15 17:06

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў