Што такое «Разумнае галасаванне» Навальнага. Тлумачым у трох пунктах


На выбарах у Маскоўскую гарадскую думу, запланаваных на 8 верасня, Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага заклікае ўдзельнічаць у «Разумным галасаванні». Сутнасць праекту ў тым, каб за кандыдатаў ад партыі ўлады «Адзіная Расея» прагаласавала як мага меней выбарнікаў.

1. Хто і навошта гэта прыдумаў?

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны і Фонд барацьбы з карупцыяй, які той узначальвае, вырашылі запусціць праект «Разумнае галасаванне» на фоне нядопуску незалежных кандыдатаў на сёлетнія выбары не толькі ў Масгардуму, але ў дэпутаты яшчэ 12 суб’ектаў федэрацыі.

Замест таго, каб галасаваць за навязаных уладай «адзінаросаў», Навальны заклікае падтрымаць альтэрнатыўных кандыдатаў з любых іншых партыяў.

«Нам надакучыла «Адзіная Расея». У прадстаўнікоў гэтай партыі абсалютная большасць ва ўсіх парламентах, ад рэгіянальных да федэральнага. Гэта несправядліва і не адпавядае волі народа. Мы хочам, каб людзі з іншымі поглядамі таксама былі прадстаўлены ва ўладзе. Манаполія «Адзінай Расеі» губіць нашу краіну», – гаворыцца на галоўнай старонцы адмысловага сайту «Разумнага галасавання».

Навальны на акцыі пратэсту 5 траўня 2018 года. Фота – Sergei Fadeichev/TASS

2. Як гэта працуе?

Каб атрымаць пра інфармацыю пра альтэрнатыўнага кандыдата па сваёй акрузе, расейскія выбарнікі могуць зарэгістравацца на сайце і атрымаць яе па пошце або проста ўвесці свой прыкладны адрас.

ФБК сцвярджае, што адбор праводзіўся не толькі на падставе сацыялагічных дадзеных, але і на базе ўласных электаральных распрацовак. Прапанаваныя ў спісе палітыкі маюць найбольшыя шанцы на поспех, лічаць аўтары праекту. Прозвішчы іх ФБК назваў за пяць дзён да галасавання, а таму, паводле закону РФ, яны ўжо не могуць быць прымусова знятыя.

Замест «адзінаросаў» электарату прапаноўваецца аддаць голас за кандыдатаў ад партыі «Яблоко», «Справядлівая Расея» і нават Камуністычнай партыі (КПРФ). З 45 «маскоўскіх» кандыдатаў – каля 30 чальцоў КПРФ!

Мітынг у Маскве 10 ліпеня 2019 года. Фота: Маша Макарава, belsat.eu

3. За што крытыкуюць?

Пытанні ў грамадскасці выклікала не толькі такая колькасць камуністаў. Гэтак, апазіцыйны палітык Леанід Гозман мяркуе, што стратэгія Навальнага можа распыліць увагу ад пратэстаў, якія трываюць у Маскве з канца ліпеня. Да таго ж Гозман мяркуе: поспех «Разумнага галасавання» яшчэ не гарантуе правал «Адзінай Расеі».

«Проста таму, што ніякай улады ў «Адзінай Расеі» няма. Улада ў Крамля, усе гэтыя КПРФ-ЛДПР – не больш чым філіялы таго ж самага пад іншай назвай. У некаторых паліттэхнолагаў і адзінаросаўскіх начальнікаў будуць, вядома, непрыемнасці, але пры ўсёй агідзе да іх ці варта гэта нашых намаганняў« – разважае палітык у артыкуле для «Новай газеты».

Асноўная прэтэнзія – кандыдаты, якіх прапануе Навальны, ніколі не былі сапраўднымі апазіцыянерамі, не падтрымлівалі пратэсты супраць улады, не выказваліся ў абарону затрыманых удзельнікаў дэманстрацыяў. Звычайна гэтыя людзі балатуюцца на выбарах як спарынг-партнёры, а не рэальныя канкурэнты «адзінаросаў».

«Галасаванне за кандыдатаў, якія не заяўляюць выразна сваю пазіцыю супраць рэпрэсіяў і палітычнага выкарыстання крымінальнага пераследу, – здрада», – лічыць Міхаіл Хадаркоўскі.

Дарэчы, ён 8 верасня заклікаў выбарнікаў прыйсці на ўчастак і, калі ў спісе кандыдатаў яны ўбачаць таго, хто гатовы салідарызавацца з патрабаваннямі, пісаць на бюлетэні «Свабоду палітвязням!» або «Далоў самадзяржаўе!» і кідаць іх у выбарчыя скрыні ці пакідаць на участках, а таксама расклейваць ў даступных месцах ўлёткі і стыкеры з патрабаваннямі спынення рэпрэсій і вяртання сумленных выбараў.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары