Што паглядзець на выходных з беларускага кіно?


Ці ёсць у беларускім кіно штосьці акрамя Другой сусветнай вайны? Мы зрабілі падборку топ-5 стужак сучаснага беларускага кінематографу ад айчынных кінакрытыкаў.

Ірэна Кацяловiч

Кінажурналіст, кінакрытык, сябра FIPRESCI

1. «Заўтра» Юліі Шатун

Трыумф незалежнага, ды яшчэ і безбюджэтнага, кіно. Аскетычная эстэтыка беларускай правінцыі, пустыя вуліцы і цішыня, сімптаматычная «некамунікацыя», а ў цэнтры ўвагі – інтэлігентная сям’я, што не жыве, а выжывае. Натуральны постапакаліпсіс, але не – гэта наша з вамі рэальнасць.

2. «25» Андрэя Куцілы

Мы назіраем за пяццю персанажамі – аднагодкамі незалежнай Беларусі, праз што мімаволі ствараецца вобраз краіны. У вобразе гэтым толькі неабходнасць прыстасоўвацца, адзінота і татальна нешчаслівыя людзі. Ні сонечных дзён, ні ўсмешак – гэтыя партрэты пакінуць сум і разгубленасць перад пытаннем, краіна тут або проста тэрыторыя.

3. «Саламанка» Аляксандры Кулак і Руслана Фядотава

Чорна-белы, стыльны, касмічны фільм на скрыжаванні ігравога і дакументальнага кіно. Карціна знятая ў Мексіцы беларусамі, якія жывуць у Расеі. Галоўны герой марыць пра іншае, недасяжнае, жыццё, але дыктат соцыуму прымушае яго пакінуць усё як ёсць. І хоць гаворка тут ідзе пра закрытую рэлігійную суполку менанітаў, «Саламанка» датычыць кожнага, а беларусаў, магчыма, асабліва.

4. «Ты сюды больш не вернешся» Дзмітрыя Махамета

Павольны, чароўны і нават медытатыўны дакументальны фільм пра тое, як жыхарка паміраючай вёскі праводзіць у родным доме апошняе лета перад пераездам да дзяцей. Тут няма асаблівых падзей, дынамікі, відавочнай «маралі» – усё прыйдзецца счытваць амаль што з паветра, няхітрага быту галоўнай гераіні і няўмольна сыходзячых дзён.

5. Альманах «Хранатоп» арт-групы пад кіраўніцтвам Андрэя Кудзіненкі

Зборнік кароткаметражак дыхае свабодай, якой нашаму кіно так не хапае. Афіцыйны кінематограф ідзе за шаблонамі, а «Хранатоп» падкрэслена ад іх адыходзіць, першы стварае ўласны свет, другі – сучасную міфалогію, афіцыйны кінематограф вузка мысліць, а ўсведамленне «Хранатопу» – шырокае. Гарэзлівы, іранічны альманах, які адмаўляе табу традыцыйнага грамадства, стаў першым у серыі «Хранатопаў», але, на маю думку, застаўся сярод іх найлепшым.

Наталля Агафонава

Кіназнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар трох кніг па гісторыі і тэорыі кінамастацтва, сябра FIPRESCI

1. «Заўтра» Юліі Шатун

Сапраўднае беларускае кіно па інтанацыі, па духу. Рэжысёр трымае рытм візуальнага аповеду ад першага да апошняга кадру; вобразнае абагульненне – прынамсі, беларуская ўрбаністыка.

2. «Сябры па перапісцы» Нэлі Васілеўскай

Кароткаметражная моладзевая навела – добра прыдуманая і драйвовая экспазіцыя фільма.

3. «Дэбют» Настассі Мірашнічэнка

Дакументальная стужка, выбітны кінатвор з моцнай вобразнай і кампазіцыйнай структурай. Закранае «закрытую тэму» жаночай калоніі. Фільм адабраны ў праграмы шматлікіх міжнародных кінафестываляў – прынамсі, – у конкурс найбольш прэстыжнага еўрапейскага кінафестывалю «First Appearance» IDFA.

4. «Цар гары» Андрэя Куцілы

Неардынарны псіхалагічны партрэт сучаснага маладога чалавека; выразная візуальная мова фільма, якая дасканала перадае цёплы каларыт няцёплага наваколля.

5. «Фанат» Андрэя Кудзіненкі

«Таксама партрэт незвычайнага маладога чалавека, для якога рух – жыццё; абаянне юнака – галоўная каштоўнасць, якую аўтары фільма ўзмацнілі эмацыянальна і драматургічна.

Максім Карпіцкі

Кінакрытык, сябра рэдкалегіі Cineticle, каардынатар міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, сябра FIPRESCI

1. «Шамбала» Галіны Адамовіч

Фільм, прысвечаны балотам Беларусі, аказваецца зусім не відэа-паштоўкай для турыстаў і школьнікаў, нават не сацыяльным ролікам (памятаеце, пра лёгкія Еўропы?). Хутчэй, гэта спроба псіхагеаграфіі, якая пакідае далёка ззаду «Сфагнум» моднага пісьменніка Марціновіча.

2. «Пасха Хрыстова» Дар’і Юркевіч

Віртуозна сканструяваны камерны нарыс, 13 хвілінаў якога паспяваюць распавесці пра горад і вёску, рэлігійнае і секулярнае ў іх заблытаным перапляценні.

3. «Заўтра» Юліі Шатун

Так, сучаснае кіно – гэта не шматмільённыя стужкі, якія сотнямі выплёўвае галівудскі канвеер, а такія вось гісторыі, у каторых пазнаеш кожную дэталь і вучышся бачыць непрыкметную прыгажосць.

4. «Сукенка» Наталлі Голавай і Аляксандры Ігнатовіч

Кіно – не толькі забава, але і сродак даследавання сябе і рэальнасці навокал, як у гэтым недасканалым, забаўным, некамфортным, абуральным «першым фемінісцкім відэа».

5. Усе свае, серыя 5: Было ці не было? (TemaVidos, 2016)

Гэта не фільм, а мая любімая серыя вэб-серыялу, але за тым, што робяць Анастасія Сулім, Маша Пархімчык і Ганна Мядзведзева адназначна варта сачыць. Вельмі смешна і вынаходліва, без аніякіх зніжак на сціплыя сродкі.

P.S.: Таксама запрашаем вас да нашай багатай фільматэкі на сайце Белсат, дзе можна адшукаць шмат файных беларускіх стужак.

Белсат рэкамендуе:

Іншазем’е

Амерыканка. All included, д/ф

Партрэт. Фільм Вольгі Дашук

Лінія Сталіна на дзіцячай далоні

Менск ад золку да змяркання

Глядзі таксама
Каментары