Актывісту «Маладога фронту» Піліпу Шаўрову, якога затрымалі пасля таго, як ён пафарбаваў у Менску рукі помніка расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну, выставілі канчатковае абвінавачанне і вызначылі нанесеную шкоду.
Жонка маладафронтаўца Вольга паведаміла, што справа ейнага мужа складаецца з трох эпізодаў, паведамляе Радыё Свабода.
Апроч пафарбаваных рук Пушкіна актывіста вінавацяць у тым, што ён намаляваў бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым пры выкананні абавязку міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі, а таксама нанёс графіці «Свабоду Севярынцу».
Сумарна яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Агульная шкода не перавышае 230 рублёў: за помнік Пушкіну – 62 руб. 88 кап., за помнік міліцыянтам – 67 руб. 87 кап., за графіці – 98 руб. 18 кап.
Усе гэтыя грошы ўжо сплачаныя.
Між тым Піліп Шаўроў па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
МГ belsat.eu