Сферычнае кіно ў планетарыі і адгалоскі «Гульні тронаў»


Да 17 траўня ў Менску працягнецца міжнародны кінафестываль «Паўночнае ззянне». Belsat.eu даведаўся, што цікавага пакажуць.

Сёлетні фестываль фільмаў з паўночных краін адбываецца ў пяты раз і мае надзвычай насычаную праграму: ад майстар-класаў і дыскусіяў да паказаў саміх фільмаў.

Кінафестываль «Паўночнае ззянне».
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Мы пачыналі фестываль 5 год таму як невялічкі фестываль, які мог нават не мець свайго працягу. Сёння «Паўночнае ззянне» – мерапрыемства, улюбёнае сярод і беларускіх гледачоў, беларускіх кінематаграфістаў і замежных гасцей, – кажа дырэктарка і заснавальніца фестывалю Вольга Чайкоўская.

Воля Чайкоўская, дырэктарка кінафестывалю.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Сёлетнім фільмам адкрыцця сталася грэнландская стужка рэжысёркі Піпалук К.Ёргенсан «Аноры» пра трагічнае каханне спявачкі і марака. Прадстаўляла фільм выканаўца галоўнай ролі Нукака Костар-Вальдаў. З’яўленне самой акторкі выклікала ў публікі большы ажыятаж за сам фільм: Нукака – жонка дацкага актора Нікалая Костар-Вальдаў, які вядомы шырокай аўдыторыі больш як выканаўца ролі Джейме Ланістера ў «Гульне тронаў». Таму пазбегнуць пытанняў пра 8-мы сезон вядомага серыялу грэнландскай акторцы прадказальна не ўдалося.

Нукака Костар-Вальдаў.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Грэнландская акторка і спявачка Костар-Вальдаў таксама ўзгадала пра цяжкасці, з якімі сутыкнулася стужка «Аноры» : фільм здымаўся 4 гады і амаль без грошай. А таму «Усё магчыма», – паўтарыла яна слоган сёлетняга фестывалю.

«Я вырасла ў маленькім гарадку, дзе мора было пакрытае ільдом 5 месяцаў у год. І я ведаю, што такое паўночнае ззянне», – сказала яна.

Валанцёры кінафестывалю.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Акрамя саміх паказаў фільмаў, праграма фэсту прадугледжвае майстар-класы эстонскага прадзюсара Іва Фэльта і латвійскай дакументалісткі Лайлы Пакальніня, дыскусіі пра сузалежныя адносіны і fake news, скаўцінг дакументальных праектаў. Разынка фестывалю: паказы сферычнага кіно пра паўночнае ззянне ў менскім планетарыі. Паказы стужак адбудуцца традыцыйна ў кінатэатры «Мір». Падрабязную праграму можна знайсці тут.

Адкрыццё кінафестывалю «Паўночнае ззянне».
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Наста Кахановіч, belsat.eu

Стужка навінаў