Саўмін змяніў заканадаўства аб дармаедах


У заканадаўства, якое датычыць не занятага ў эканоміцы насельніцтва, увялі змены. Некаторыя катэгорыі выключылі з ліку «дармаедаў», а таксама ўвялі персанальную адказнасць за звесткі ў адпаведнай базе. Змены прадугледжаныя пастановай Савету мінстраў за 25 траўня № 333, піша TUT.BY.

Каго выключылі з дармаедскай базы

Да незанятых у эканоміцы цяпер не адносяць сужэнцаў тых, каго прызначылі на пасаду ў міждзяржаўныя органы (прадугледжаныя ў міжнародных дамовах Беларусі або рашэннях адпаведных міжнародных органаў).

З базы таксама выключылі сужэнцаў аташэ ў пытаннях абароны пры пасольстве Беларусі, а таксама памочніка аташэ ў пытаннях абароны пры нашым пасольстве, якія перабываюць за мяжой.

Улады таксама прапісалі, што Мінпрацы «выключае з базы тых грамадзянаў, якія працуюць у замежных або міжнародных арганізацыях, на падставе інфармацыі, дадзенай гэтымі арганізацыямі».

Ваенкаматы будуць перадаваць звесткі ў дармаедскія камісіі

Мясцовым уладам даручылі забяспечыць узаемадзеянне ваенных камісарыятаў з камісіямі ў справе незанятых у эканоміцы. Яны павінны перадаваць інфармацыю аб асобах, якія накіраваныя да месца праходжання тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве. Для гэтага ўстаноўленыя тэрміны: да 20 чэрвеня 2019 года перадаваць звесткі аб прызыўніках для праходжання службы ў лютым-траўні сёлета; да 20 снежня 2019 года – у жніўні-лістападзе гэтага года.

Уведзена персанальная адказнасць за звесткі ў дармаедскай базе

Улады таксама ўвялі персанальную адказнасць за наданне дакладнай інфармацыі для фармавання (актуалізацыі) дармаедскай базы. Яе зрабілі для кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацыяў, падпарадкаваных ураду, старшыняў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму, а таксама кіраўнікоў іншых арганізацыяў, якія прадстаўляюць такую ​​інфармацыю.

Якое пакаранне прадугледжана за недакладную інфармацыю ў базе, не пазначана.

Пры гэтым некаторыя пункты палажэння аб парадку залічэння працаздольных грамадзянаў да не занятых у эканоміцы зрабілі з пазнакай «для службовага карыстання».

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання (толькі асобныя змены – з моманту яго падпісання).

Жанчына падала ў суд на дзяржаву за тое, што яе запісалі ў «дармаеды»

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары