Жанчына падала ў суд на дзяржаву за тое, што яе запісалі ў «дармаеды»


Чыноўнікі супраць беспрацоўнай хатняй гаспадыні. На тысячу рублёў або 500 долараў Марыя Тарасенка ацаніла маральную страту, якую ёй нанеслі, запісаўшы ў дармаеды. Пра першы пасля выхаду дэкрэту нумар адзін суд з камісіяй спрыяння занятасці распавядзе Ірына Дарафейчук.

«Мяне гэта вельмі моцна прынізіла, мяне гэта абурыла, гэта куча эмоцый не самых харошых…»

Першы працэс хатняй гаспадыні супраць дзяржавы. У судзе Чыгуначнага раёну Гомля распачаўся суд паводле пазову Марыі Тарасенкі да гэтак званай дармаедаўскай камісіі, якая занесла яе ў базу незанятых у эканоміцы. Марыя патрабуе кампенсацыі маральнай шкоды.

«Я патрабую, каб выконвалі мае канстытуцыйныя правы – права на працу, а не абавязак. Мне не патрэбная на гэты момант занятасць, я займаюся сям’ёй, домам, працы дастаткова», – кажа Марыя Тарасенка, пазоўніца.

Грошы ў сям’і Тарасенкаў зарабляе муж. Жанчына займаецца хатняю гаспадаркай і на яе аформленая іхная кватэра, таму са студзеня як дармаедка яна мае падвышаны тарыф на гарачую ваду. А пры канцы года даражэйшае стане для яе і ацяпленне.

«Зразумела, што тэрмін «незанятыя ў эканоміцы» прыцягнуты за вушы, бо кожны, хто жыве на тэрыторыі, бярэ ўдзел у эканоміцы праз аплату ўскосных падаткаў», – мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Улады Беларусі налічылі 425 тысячаў грамадзянаў, якія трапляюць пад дзеянне дэкрэту «Аб спрыянні занятасці насельніцтва». 54 тысячы дармаедаў адчуюць яго дзеянне на сабе неўзабаве, калі атрымаюць жыроўкі – столькі ў Беларусі беспрацоўных уласнікаў кватэраў.

Падтрымаць жанчыну ў суд прыйшлі каля паўсотні гомельцаў. У судзе нават «не знайшлося» залы, якая змясціла б ахвотных.

«Для людзей важнае адчуванне пляча. Нават калі зараз у працоўны дзень тут будзе толькі трыццаць чалавек, гэта не значыць, што за намі не стаяць тысячы людзей, якія таксама незадаволеныя дэкрэтам, што зараз працуе ў Беларусі», – кажа Андрэй Стрыжак, прадстаўнік пазоўніцы.

Але ці Марыя Тарасенка адзіная, каго абурае, што дзяржава называе людзей дармаедамі?

«Дармаедам заўсёды быць крыўдна, асабліва калі ведаеш, што гэта не так».

«Гэта ж не залежныя ад мяне абставіны. Калі ў такія абставіны трапляе чалавек, то можа быць крыўдна».

«Гэта несправядліва – усё, што я магу сказаць», – лічаць жыхары Віцебску.

Вось толькі змагацца з несправядлівасцю гатовы далёка не кожны.

«Калі б сёння прыйшло не 40 чалавек, а 500 тысячаў, і ўся плошча была занятая, і гэты будынак ад нашага абурэння гайдаўся, то гэтага непарадку не было б», – гаворыць актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых.

Вынік спрэчкі паміж Марыяй Тарасенкай і Камісіяй у спрыянні занятасці насельніцтва ды Камітэтам працы, занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму будзе вядомы на наступным тыдні. Паседжанне прызначылі на панядзелак.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu