Санкцыі, суды над сілавікамі, маральнае падтрыманне. Як Еўразвяз можа дапамагчы Беларусі


Сёлета Еўразвяз не прызнаў Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, рашуча асудзіў гвалт сілавікоў на мірных дэманстрацыях і ў хуткім часе ўвядзе чарговы пакет санкцыяў. Але ці дастатковыя гэтыя захады? Як яшчэ Еўразвяз можа дапамагчы беларусам? Пра гэта «Белсат» пагаварыў з дэпутатамі Еўрапарламенту.

Еўрапарламент.
Фота: europarl.europa.eu

Самыя жорсткія санкцыі

Еўразвяз рыхтуецца аслабіць рэжым Лукашэнкі эканамічнымі захадамі і рыхтуе ўжо трэці пакет санкцыяў. Ён мусіць быць больш жорсткім, чым усе папярэднія, абяцае кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту па стасунках з Беларуссю Роберт Бедрань.

«Гэтым разам яны будуць скіраваныя перадусім на бізнесы, якія працуюць з Лукашэнкам. Гэта будзе нібыта папярэджаннем для алігархаў з розных краінаў, якія маюць справы з гэтым рэжымам. Каб яны задумаліся, ці варта працягваць утрымліваць з ім кантакт», — падкрэслівае еўрадэпутат.

Роберт Бедрань прамаўляе каля амбасады Беларусі ў Варшаве.
Фота: Анастасія Цыбульская / Белсат

Еўразвяз плануе ўвесці і персанальныя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў. Аляксандр Лукашэнка таксама мусіць увайсці ў гэты спіс.

«Даруйце, але зараз такая сітуацыя, што ён мусіць быць першай асобай з гэтага спісу! Пасля падзей жніўня, гэты чалавек ніколі не мусіць ступаць на тэрыторыю Еўразвязу», – кажа Бедрань.

Якія канкрэтна кампаніі патрапяць пад трэці пакет санкцыяў стане вядома ўжо ў хуткім часе. Каб іх увесці, трэба атрымаць «зялёнае святло» ад міністраў замежных спраў усіх краінаў Еўразвязу. Далей – справа пары гадзінаў. Перадусім Еўразвяз чакае, што гэтыя санкцыі давядуць рэжым Лукашэнкі да паралічу.

«Не можам сабе дазволіць, каб дэмакратычныя краіны Еўразвязу хоць нейкім спосабам падтрымлівалі дзеянні Лукашэнкі», – кажа Роберт Бедрань.

Аб’ектыў
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі: чаго чакаць?
2020.11.26 22:28

Ці дапамогуць санкцыі?

Часта інструмент санкцыяў крытыкуецца. Маўляў, яны толькі шкодзяць звычайным людзям, а не дыктатарскім рэжымам. Але еўрадэпутаты падкрэсліваюць, што зараз яны прадумваюць санкцыйны пакет такім чынам, каб эфект ад яго адчула беларускае кіраўніцтва.

Раней санкцыі Еўразвязу не мелі наступстваў перад усім з-за непаслядоўнай еўрапейскай палітыкі.

«Адною рукой Еўразвяз уводзіў санкцыі супраць беларускага рэжыму, а іншай – распачынаў з ім праграму суседства. Наступствы такой палітыкі мы бачым і сёння. Зараз сітуацыя іншая: самі беларусы маюць іншыя чаканні ад Еўразвязу», – кажа Роберт Бедрань.

З непаслядоўнасцю еўрачыноўнікаў згодны і ягоны калега па дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Петрас Аўштравічус.

«Я думаю, што Еўразвяз зрабіў шмат памылак. Спрабавалі размаўляць з Лукашэнкам, але з дыктатарамі нельга весці дыялог. На Беларусь глядзелі як на цікавы рынак, з якім можна мець толькі эканамічныя стасункі. Аніхто не верыў, што там могуць здзейсніцца сур’ёзныя змены. Але сёлета самі людзі запатрабавалі змены і іншай будучыні. І Еўразвяз гэта пабачыў», – кажа ён.

Іншыя захады

Санкцыі – не адзіны інструмент уплыву Еўразвязу на беларускі ўрад. Марыя Арэна, кіраўніца Камітэту правоў чалавека, кажа, што Еўрапарламент мае іншыя спосабы. Напрыклад, Маскоўскі механізм АБСЕ. Гэта вельмі сур’ёзная праверка правоў чалавека ў краінах, якая за ўсю гісторыю ўжывалася восем разоў, прычым для Беларусі гэта будзе ўжо другі раз.

Таксама Еўрапейскі парламент мае намер дамагчыся пакарання для ўсіх сілавікоў, якія адказныя за гвалт. Калі не на нацыянальным узроўні, то на міжнародным.

«Пакуль існуе ілюзія беспакаранасці, гвалт можа доўга працягвацца. Але для мяне як старшыні камітэту правоў чалавека важна працаваць над тым, каб сілавікі былі прыцягнутыя да адказнасці», – кажа Марыя Арэна.

Аб’ектыў
Ці магчыма прыцягнуць сілавікоў да адказнасці?
2020.11.27 22:28

Што цяпер значыць Беларусь для Еўразвязу?

Аніколі яшчэ Беларусь не была ў такім цэнтры ўвагі у Еўропе і ва ўсім свеце, як цяпер, падкрэслівае Петрас Аўштравічус. Паводле яго, Еўрапарламент вызначае сітуацыю ў Беларусі як крытычна кепскую, як працэс, калі дзяржаўныя структуры ваююць супраць свайго народу непрымальнымі спосабамі.

«Мы мусім рэагаваць на пратэсты ў Беларусі. Мы бачым, як працягваецца гэтая хваля, але бачым, што адбываецца з боку дзяржаўных структураў. Я не заўважыў элементаў, якія б указвалі, што Лукашэнка змяніў сваю пазіцыю: выбачыўся перад людзьмі і пачынае нацыянальны дыялог. Наадварот, рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, АМАП усё так жа творча падыходзіць да спосабаў пераследу дэманстрантаў».

У той жа час Беларусь вельмі важная краіна для Еўразвязу, бо яна знаходзіцца адразу на ягоных межах.

«Еўразвяз падтрымлівае дэмакратычныя рухі па ўсім свеце, напрыклад, у Ганконгу або Алжыры. Але Беларусь для нас асабліва важная, бо яна так блізка ад нас», – зазначае Марыя Арэна.

Важная настолькі, каб адразу падставіць сяброўскае плячо і ў выпадку перамогі.

«Так, пратэсты могуць заняць пэўны час. Але дзяржаўныя часы не могуць працаваць без людзей, – зазначае Петрас Аўштравічу. – У Еўрапарламенце было шмат думак і абмеркаванняў наконт дадатковага і адраснага пакету эканамічнай дапамогі Беларусі. Мы гатовыя таксама дапамагаць усталяваць дэмакратыю і праводзіць неабходныя палітычныя і сацыяльныя рэформы».

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў