Салаўіныя трэлі і кісельныя берагі: трансфармацыя расейскіх прапагандыстаў


Шмат хто звыкся з тым фактам, што расейскія, па старой звычцы назавем іх «журналісты», кшталту Кісялёва і Салаўёва штотыдзень праз экраны тэлевізараў выліваюць на людзей чарговую порцыю адборнай прапаганды.

Многія ўжо і не ўяўляюць гэтых людзей у іншых вобразах. Некаторыя нават і не памятаюць, што калісьці гэтыя людзі баранілі свабоду слова, але сеціва памятае ўсё. Пры ягонай дапамозе мы і прасочым, як і калі адбылася трансфармацыя журналістаў у прапагандыстаў.

Салаўіныя трэлі

Уладзімір Салаўёў яшчэ на пачатку двухтысячных увогуле адмаўляў магчымасць ціску ўладаў на журналістаў і патрабаваў павагі да іх працы.

«Журналіст заўсёды незалежны чалавек, тым больш журналісты новай фармацыі. Таму я патрабую павагі да нашай прафесіі і павагі да нашых калегаў», – казаў Салаўёў, калі расейскія ўлады ціснулі на тады яшчэ незалежны тэлеканал НТВ.

Праз некалькі гадоў Салаўёў прымерыў на сябе вобраз прапаведніка. Стальны позірк, чорны фрэнч, ён пачаў нагадваць пастара, які вядзе сваю паству да прасвятлення. У 2013 годзе ён нёс людзям думку пра тое, што Крым мусіць застацца ўкраінскім.

«Калі мы кажам«а вось Хрушчоў аддаў, а мы далучым». Але Хрушчоў жа аддаў абсалютна легітымна, былі заканадаўчыя акты, ён гэта зрабіў на падставе дакументаў. Калі мы раптам гаворым гэта, значыць, вайна. Вы хочаце ваяваць з Украінай? Колькі ўкраінскіх і рускіх жыццяў вы гатовыя пакласці на тое, каб захапіць Крым, які даўно ўжо стаў татарскай тэрыторыяй, крымскіх татараў?», – такая пазіцыя была ў Салаўёва.

2014 год, пачатак вайны з Украінай і акупацыя Крыму. Усё той жа Салаўёў, але пасыл зусім іншы.

«Гэты дзень мы набліжалі як маглі. Крым і Севастопаль зноў у складзе Расеі. Гістарычная справядлівасць перамагла. Гэта свята не толькі для ўсіх крымчанаў і расейцаў, але і для ўсіх мільёнаў расейцаў, якія жывуць у розных дзяржавах, усіх сяброў нашай краіны», – урачыста канстатаваў Салаўёў.

Кісельныя берагі

Дзмітрый Кісялёў – бадай адна з самых пазнавальных фігураў сярод заслужаных дзеячаў расейскай прапаганды.

«Любы эпатаж, любое зніжэнне планкі, любое зніжэнне маралі і правілаў піпл будзе хАваць. Але! Тады ў адзін цудоўны момант знойдзем сябе проста ў брудзе, дзе будзем купацца, як свінні, і будзе такое грамадства, і будзем хАваць адзін аднаго разам з брудам, там мы сябе знойдзем. А ніжэй апусціцца будзе нельга», – казаў Кісялёў Уладзіміру Познэру.

І дакладна, думаючы пра Кісялёва, шмат хто цяпер задаецца пытаннем: ці можна апусціцца яшчэ ніжэй?

«Вось ужо тыдзень як дух майданутай Украіны разносіцца па Маскве», – з экранаў тэлевізараў прамовіў Кісялёў.

А яшчэ некалькі гадоў таму ён казаў, што любіць Украіну і адчувае сябе яе часткай.

У 1991 годзе Кісялёў асвятляў увод савецкіх войскаў у Вільню, за што яму далі дзяржаўную ўзнагароду Літвы. Праўда, пасля таго, як у 2014 годзе ён пачаў падтрымліваць сепаратыстаў, літоўскія ўлады пастанавілі пазбавіць яго ўзнагароды. Прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце падкрэсліла, што Кісялёў «ганьбіць гонар узнагароды».

Такое рознае НТВ

Такую ж узнагароду, як і Кісялёў, атрымала Тацяна Міткова. Але ў знак салідарнасці з Кісялёвым адмовілася ад яе сама.

У 90-я тэлеканал НТВ стаў глытком свежага паветра. Вострыя рэпартажы, палітычная сатыра, прафесійныя журналісты. З прыходам да ўлады Пуціна ў тэлеканалу пачаліся праблемы. Змена кіраўніцтва, крымінальныя справы, допыты і вобшукі ў журналістаў.

«Адзін з момантаў тут – спроба маёй асабістай дыскрэдытацыі. І другое – гэта, вядома, тое, што я, напрыклад, называю наўпроставай пагрозай журналістам НТВ. Рабяты, не высоўвайцеся, хлопцы, пастройцеся і ўсё будзе нармальна», – казала Міткова пасля допыту.

НТВ падзялілася на дзве часткі – адныя сыйшлі, бо не хацелі здрадзіць сваім прынцыпам, а іншыя пастроіліся. У тым ліку і Міткова. Ад былога НТВ не засталося і сляда. А Міткова па кар’ернай лесвіцы забралася на паверх кіраўніцтва, цяпер яна намеснік генеральнага дырэктара НТВ па інфармацыйнаму вяшчанню і галоўны рэдактар Службы інфармацыі тэлеканалу.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары