Са «зброяй любові» – супраць «сляпога гвалту» ва Украіне, Афрыцы і на Блізкім Усходзе


Падчас велікоднае прамовы Папа Рымскі заклікаў змагацца з тэрарызмам. «Любоўю Бог перамог эгаізм і смерць», – сказаў Папа і заклікаў людзей выкарыстоўваць «зброю любові» для барацьбы са «сляпым і жорсткім гвалтам».

Урачыстая імша з нагоды каталіцкага свята Уваскрэсення Хрыстова праходзіла на залітай сонцам плошчы каля сабору Святога Пятра ў Ватыкане, паведамляе Бі-бі-сі.

Падчас сваёй прамовы Папа згадаў трагедыю ў Бруселі, а таксама – ахвяраў гвалту ў Турцыі, Нігерыі, Чадзе, Камеруне ды Іраку і выказаў надзею спыніць крывавыя канфлікты па ўсім свеце.

У пасланні і бласлаўленні да паствы «Urbi et Orbi» («Гораду і свету») пантыфік надаў асаблівую ўвагу тэме ўцекачоў, зазначыўшы, што вельмі часта тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе, яе не атрымліваюць.

«Нашыя браты і сёстры на сваім шляху зачаста сутыкаюцца са смерцю ціадмоваю тых, хто мог бы прапанаваць ім гасціннасць і дапамогу», – сказаў з балкону базілікі Святога Пятра 79-гадовы пантыфік.

Адзін з галоўных фактараў росту колькасці бежанцаў – канфлікт у Сірыі.

У сваім пасланні пантыфік выказаў надзею, што нядаўнія дамоўленасці ў Жэневе дазволяць пакласці канец вайне і дапамагчы «краіне, якая раздзіраецца канфліктам, што суправаджаецца разбурэннямі, смерцю, распадам грамадзянскае супольнасці ды пагардаю да гуманітарнага права».

Францішак заклікаў да міру і развязання канфліктаў ва Украіне, Емене, Іраку, Лівіі, Бурундзі, Мазамбіку, Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, а таксама да перамоваў паміж ізраільцянамі ды палестынцамі.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў