Рух «За Свабоду» абвясціў аб правядзенні акцыі «Палітычны таталізатар-2016», падчас якой прапаноўваецца адгадаць вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў, што адбудуцца 11 верасня.
Для ўдзелу ў таталізатары, як паведамляе прэс-служба арганізацыі, трэба зайсці на сайт 2016.pyx.by і выбраць прозвішчы прэтэндэнтаў, якія з найбольшай верагоднасцю патрапяць у парламент. Таталізатар запрацуе пасля завяршэння рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты 12 жніўня, цяпер можна пакідаць адрас электроннай пошты, каб пазней атрымаць на яе запрашэнне-напамін.
Палітычны таталізатар будзе працаваць у двух рэжымах: рэгіянальным (можна адгадваць па сваёй вобласці/Менску) і агульным (увесь склад парламенту).
Па выніках таталізатару пераможцы атрымаюць прызы.
Удзельнічаць у акцыі могуць жыхары Беларусі, якім больш за 18 гадоў, акрамя супрацоўнікаў ЦВК і чыноўнікаў ад абласнога ўзроўню і вышэйшага.
«Вынікі беларускіх выбараў ужо шмат гадоў прадказальныя, пераможцаў можна адгадаць задоўга да правядзення галасавання», – адзначыў першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Паводле ягоных слоў, прадказанні пераможцы таталізатара на прэзідэнцкіх выбарах 2015-га года разышліся з афіцыйнымі вынікамі выбарчай кампаніі толькі на дзясятыя долі працэнта.
«Зараз праходзіць чарговая выбарчая кампанія. Мы заклікаем беларусаў да актыўнага ўдзелу ў ёй, падтрымання правацэнтрысцкіх кандыдатаў. Але і прапаноўваем разам пасмяяцца над выбарчым фарсам і выказаць пратэст супраць існай сістэмы прызначэння дэпутатаў», – сказаў Губарэвіч.
МЯ, паводле БелаПАН