Карпарацыя «Росатом», якая ёсць генеральным падрадчыкам будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, зафіксавала каля 100 выпадкаў захворвання на COVID-19 на пляцоўцы станцыі.
«На беларускай пляцоўцы, гэты праект у нас сёння ў адмысловым прыярытэце, зафіксаваныя станоўчыя тэсты. Гэта не толькі нашы работнікі, але і прадстаўнікі беларускага заказчыка», – паведаміў кіраўнік «Росатама» Аляксей Ліхачоў у відэазвароце на сайце карпарацыі.
Ён заклікаў інжынірынгавы дывізіён АСЭ дадаткова ўзмацніць каранцінныя захады.
«У нас там зараз самая гарачая пара – на працягу бліжэйшых тыдняў мы плануем атрымаць ліцэнзію і выйсці на фізпуск, пры гэтым максімальна абараніць і зберагчы персанал», – сказаў Ліхачоў.
Нагадаем, што на пачатку красавіка ў Астраўцы шпіталізавалі 15 грамадзянаў Расеі, якія прыбылі на атамную электрастанцыю.
Агулам з будоўлі БелАЭС шпіталізавалі 100 асобаў.
На афіцыйнай старонцы БелАЭС з’явілася паведамленне, што на прадпрыемстве 18 чалавек маюць каронавірус.
«Супрацоўнікі з пацверджаным дыягназам COVID-19 знаходзяцца пад кантролем медычных службаў па месцы пражывання, ход хваробы праходзіць бессімптомна, у лёгкай форме», – гаворыцца ў паведамленні.
Зараз на самаізаляцыі на БелАЭС знаходзяцца 81 чалавек як кантакты 1-га ўзроўню.
МГ belsat.eu