Рэктар МІТСО: Казакевіч прынёс даведку, што ён здаровы


Юнак, які напаў на наведнікаў «Еўропы» з бензапілой, у маі праходзіў медкамісію і падаў ва ўніверсітэт даведку, згодна з якой ён здаровы.

Паводле звестак папярэдняга расследавання, Улад Казакевіч праходзіў лячэнне ў псіханеўралагічным дыспансеры ў 2014-м.

«Медычная даведка, якую пры паступленні прынёс нам затрыманы Уладзіслаў Казакевіч, кажа пра тое, што ён здаровы. Медкамісію хлопец праходзіў у траўні. Усе лекары напісалі, што ён прыдатны да навучання», – цытуць рэктара «МІТСО» «Беларускія навіны».

«А ён жа ўжо прызнаўся, што збіраўся ў гэтым месяцы зладзіць крывавую разню тут, у ВНУ. У нас па калідорах студэнты ходзяць натоўпамі, страшна ўявіць, колькі магло быць ахвяр. Хоць, з іншага боку, сістэма бяспекі тут сур’ёзная і наўрад ці б ён прайшоў на тэрыторыю з такой «гітарай». А сёння я даведаюся, што Казакевіч раней лячыўся ў Навінках. Уяўляеце?! Ні бацькі, ні медыкі не палічылі патрэбным паведаміць гэта нам», – адзначыў Князеў.

Паводле ягоных словаў, Уладзіслаў паказаў нядрэнны вынік на цэнтралізаваным тэставанні і набраў 255 балаў.

«Аднак увесь час трымаўся ў баку. Ён, падобна, адзіночка. Таксама высветлілася, што за першы месяц навучання першакурснік без паважнай прычыны прапусціў 78 гадзін – амаль палову. Мы спрабавалі звязацца з хлопцам, з яго бацькамі, але на кантакт яны не ішлі. У выніку 3 кастрычніка хлопца адлічылі. Але паведамляць яму па тэлефоне не сталі, спрабавалі асабіста (дарэчы, ён да гэтага часу не ведае аб адлічэнні). Аднак беспаспяхова. А потым мы даведаліся пра ягоныя «прыгоды» у ГЦ «Еўропа» з навінаў, пасля – ад следчага », – дадаў рэктар ВНУ.

На адсутнасць Улада на занятках куратару групы скардзіліся і яго аднагрупнікі, паводле словаў якіх, хлопец ні з кім не меў зносінаў, на пытанні адказваў коратка і суха, казаў, што яму нічога не цікава, з заняткаў ён сыходзіў раней за ўсіх, а аднойчы прынёс з сабой газавы балончык, і на пытанне навошта, адказаў: «Мне трэба для спраў».

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў