Рэдакцыю холдынгу РБК узначалілі два былыя намеснікі галоўнага рэдактара «ТАСС»


Лізавету Голікаву і Ігара Троснікава прызначылі «кіраўнікамі абʼяднанай рэдакцыі» РБК.

Да апошняга часу Голікава і Троснікаў займалі пост намеснікаў галоўнага рэдактара ТАСС. Раней яны абодва працавалі рэдактарамі ў газеце «Камерсант».

Сваю працу яны распачнуць 14 ліпеня. Новаму кіраўніцтву прыйдзецца набіраць вялікую каманду, бо са звольненымі Лізаветай Асяцінскай, Максімам Солюсам і Раманам Баданіным сышла значная частка рэдакцыі.

29 чэрвеня стала вядома, што галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва РБК Раман Баданін узначаліць рэдакцыю «Дажджу». Гендырэктар РБК Мікалай Малібог звольніў Баданіна і Солюса 13 траўня, патлумачыўшы гэта тым, што не змог з імі «прыйсці да адзінага меркавання ў важных пытанняў». Услед за імі сышла і шэф-рэдактар РБК Лізавета Асяцінская.

У РБК працавалі дзясяткі журналістаў з іншых расейскіх дзелавых выданняў, у першую чаргу «Forbes» і «Ведомости».

Разам ім атрымалася ператварыць выданне з сумнеўнай рэпутацыяй (РБК неаднаразова абвінавачвалі ў публікацыі рэкламных артыкулаў пад выглядам рэдакцыйных) у галоўнае дзелавое і грамадска-палітычнае СМІ ў Расеі.

Вясной 2016 года зʼявіліся чуткі пра незадаволенасць рэдакцыйнай палітыкай РБК у Крамлі. Ніякіх афіцыйных каментароў з гэтай нагоды не было, але відавочна, што з красавіка на РБК аказваўся істотны ціск.

У холдынг РБК уваходзіць некалькі СМІ – аднайменны сайт, газета, часопіс і тэлеканал, а таксама інтэрнэт-выданне аб высокіх тэхналогіях Cnews.

ДР belsat.eu паводле vedomosti.ru, tjournal.ru, meduza.io

Стужка навінаў