У панядзелак 4 лютага 2004 года Цукербэрг разам з трыма суседзямі з пакою ў кампусе Гарвардскага ўніверсітэту запусціў праект-феномен, які змяніў інтэрнэт і стаўся піянерам у эры сацыяльных медыяў.
Цяпер у «Facebook’у» больш за 2 мільярды чалавек. Хоць 2018 год быў не вельмі ўдалым для сацсеткі праз выцек карыстальніцкіх звестак і меркаванае ўмяшанне Расеі ў выбары прэзідэнта ЗША, яго аўдыторыя працягвае расці.
Мы распыталі беларускіх палітыкаў, інфлюэнсераў і блогераў, як «Фэйсбук» змяніў грамадскае ды палітычнае жыццё нашай краіны.
«Facebook» змяніў жыццё маё і ўсяго майго пакалення. Гэта як гадзіннік на руцэ, ён нібыта і незаўважаны, але незаменны. Аднак самае цудоўнае – гэта магчымасці для журналістаў і медыяў у Беларусі. «Facebook» вырашыў праблему распаўсюду газетаў, чорных спісаў, татальнай цэнзуры. Ну хто б мог уявіць яшчэ 10–15 год таму, што праз «Facebook» людзі будуць арганізоўвацца на Плошчу і рыхтаваць маршы дармаедаў, збіраць грошы на Дзень Волі.
Ёсць і адваротны бок медалю ў «Фэйсбуку». Гэта недазволены збор дадзеных, магчымасць сачэння і маніпуляцыяў, фэйкавыя навіны. Гэта непазбежна. Тут задача грамадства і міжнародных інстытутаў, а найперш самога «Фэйсбуку» – вызначыць стандарты паводзінаў і бяспекі.
«Фэйсбук» у Беларусі больш як «Фэйсбук». Беларусы даволі стрыманая, нават інтравертная нацыя. Але ў «Фэйсбуку» інтраверты маюць куды большы шанец, каб іх пачулі. Таму для Беларусі і беларусаў ён надзвычай карысны.
Гэта не проста сродак камунікацыі ды інфармацыі. Гэта спосаб не толькі знайсці патэнцыйных сяброў, фрэндаў, «замуціць» праект і знайсці для яго прыхільнікаў ды грошы, але і спосаб фармавання ўласнай рэпутацыі, «Фэйсбук» разбурае межы паміж аўтарам і чытачом, і гэта добра.
Вядома, і ты сам, і алгарытмы сістэмы выбудоўваюць вакол цябе інфармацыйную бурбалку, але няўжо рэальнасць не выбудоўвае яе ў яшчэ большай ступені? Зразумела, «Фэйсбук» не дае нам адзіных ісцінаў, але ён дае нам магчымасць пошуку «сваіх» у пашыраным свеце. У свеце, дзе распалася большасць сувязяў.
Часам кажуць, што сеціва прывяло нас да эпохі «постпраўды». Насамрэч мы самыя прыйшлі да гэтай эпохі. А вось знайсці кампраміс паміж рознымі праўдамі «Фэйсбук», хутчэй, дапамагае.
З лістапада 2010 года, у якім я зарэгістраваўся ў «Фэйсбуку», да сёння шмат што змянілася. І ў сетцы, і ў маёй прафесійнай дзейнасці, і ў асабістым жыцці. І ўва ўсім меў моцны ўдзел «Фэйсбук». Менавіта праз «Фэйсбук» у свой час запусцілі ініцыятыву «Гуманітарны маршрут Беларусь – АТО». Яна сабрала больш за 15 тысяч еўраў і перадала 4 аўтамабілі для першага дабравольнага шпіталю імя Пірагова, які ратуе жыцці на Данбасе. Больш за 16 тонаў гуманітарнай дапамогі мы перадалі на Данбас.
Таксама ў «Фэйсбуку» была ініцыяваная «By_help» як фактар, што яднае Беларусь і замежжа, якія хацелі дапамагчы рэпрэсаваным падчас дармаедскіх пратэстаў і ў справе «Белага легіёну».
Калі б «Фэйсбуку» не было, яго трэба было б прыдумаць. Вельмі моцны інструмент, які служыць для таго, каб людзі маглі сустракацца, дапамагаць, шукаць сваё шчасце. Дзякуючы «Фэйсбуку» я знайшоў сваю жонку.
Калі праект «Імёны» запусціўся, «Facebook» быў асноўным і фактычна адзіным каналам, праз які людзі даведваліся аб праектах, якія мы падтрымліваем, і пра нашыя гісторыі ў прынцыпе. Я думаю, што без «Facebook’у» нам бы не ўдалося развіць менавіта народнай мадэлі фінансавання «Імёнаў». Тут спрацавала менавіта сіла сацыяльнай сеткі.
Я карыстаюся сацыяльнымі сеткамі пераважна ў палітычных мэтах. Улічваючы тую сітуацыю, у якой апынуліся беларускія незалежныя медыі, я разлічваю на свой сайт і сацыяльныя сеткі. Безумоўна, найбольш масавая сацсетка – «Аднакласнікі», «Укантакце», але там моладзь.
«Фэйсбук» – найменшая па распаўсюдзе сацсетка ў Беларусі. На мой погляд, там у найбольшай ступені прысутнічаюць людзі словаў. Шмат дыскутуюць і пішуць, але ўражанне, што менш актыўныя ў дзеяннях. Але гэта таксама важна для мяне, і я ім карыстаюся.
Я ўжо асабістую старонку не вяду, але ёсць афіцыйны акаўнт. Там мы паведамляем пра канцэрты, падзеі і акцыі. Яшчэ карыстаюся «Instagramʼам», але больш нічым. Чаго баяцца ФСБ і КДБ? Калі выкарыстоўваць у нармальных мэтах, то няма чаго баяцца.
На сённяшні дзень сярод вялікай колькасці разнастайных сетак «Facebook» стаіць на першым месцы. Як пляцоўка для альтэрнатыўнага меркавання і падзеяў, бізнесу. Адна з галоўных платформаў, якою мы карыстаемся для рэкламы прадукцыі, што мы вырабляем. У мінулым месяцы мы адныя з першых у Беларусі запусцілі збор сродкаў на грамадскі праект – адзначэнне Дня Волі. «Фэйсбук» дазваляе, не пераходзячы на іншыя сайты, інфармаваць і збіраць сродкі.
Я магу чытаць, але не магу пісаць, бо мяне зноў забаніў Цукербэрг. Я напісаў, што Абама – нехарошы чалавек, прывёўшы ў прыклад гісторыю з Крымам, калі ён не хацеў там бачыць ветлівых людзей і расейскага ўдзелу. І што Трамп – іншы чалавек і цырымоніцца не будзе. Нягледзячы на ўсе дэкларацыі пра свабоду слова, ён занадта шмат на сябе бярэ.
ДР belsat.eu